Беларуская Служба

У Мінабароны Украіны раскрылі карупцыю ў буйных памерах

28.01.2024 14:08
Са 100 тысяч закантрактаваных артылерыйскіх снарадаў ніводзін не трапіў да ўкраінскіх вайскоўцаў, а грошы зніклі.
У Мінабароны Украіны раскрылі карупцыю у буйных памерах https://t.me/SBUkr/10995

Украінскія службы паведамілі, што выявілі карупцыю і растрату дзяржаўных грошай пры закупцы боепрыпасаў для войска. Кажуць, што да крадзяжу датычныя высокапастаўленыя чыноўнікі Мінабароны Украіны. Яны скралі з дзяржаўнага бюджэту суму $40 млн.

Са 100 тысяч закантрактаваных артылерыйскіх снарадаў ніводзін не трапіў да ўкраінскіх вайскоўцаў, а грошы зніклі. Агулам паўтара мільярда грыўняў то бок $40 млн у эквіваленце. Сродкі пераведзеныя на замежныя рахункі.

Пра магчымыя карупцыйныя схемы ў кампаніі «Львоўскі арсенал», якая выконвае дзяржаўныя падрады, украінскія журналісты-расследавальнікі пішуць ужо шмат месяцаў. Паводле іх, грошы былі пераведзены на рахункі ў Харватыі. Служба бяспекі Украіны нарэшце заўважыла праблему і пачала расследаванне. Абвінавачванні выстаўленыя пяці асобам, у тым ліку цяперашняму і былому кіраўніку дэпартамента Мінабароны Украіны.

Гэта адзін з найбуйнейшых карупцыйных скандалаў у Міністэрстве абароны Украіны, выяўленых з пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі. Але не адзіны. Таксама чыноўнікі абрабавалі дзяржаву, закупляючы харчы і вопратку для войска.

Украіна заняла 116-е месца са 180 краін у рэйтынгу ўспрымання карупцыі за 2022 год. Даследаванне праводзіцца Transparency International на працягу многіх гадоў і лічыцца паказчыкам карупцыі ў дзяржаўным сектары. Чым у рэйтынгу ніжэй, тым большая карупцыя ў краіне.

яс/Павел Бушко