Беларуская Служба

Афіцэр рэзерву УСУ: Салдатам даводзіцца адступаць з-за недахопу боепрыпасаў, сітуацыя вельмі крытычная

28.01.2024 15:34
Краіны НАТА паабяцалі Украіне 200 тысяч снарадаў на год. А Паўночная Карэя можа даць Расіі мільён снарадаў за адзін тыдзень.
Вайна ва УкраінеPAP/AA/ABACA

На фронце ва Украіне крытычная сітуацыя з балансам сіл, у прыватнасці, на ўзроўні ўзбраенняў і пастаўкай боепрыпасаў. Краіны НАТА паабяцалі Украіне 200 тысяч снарадаў на год. А Паўночная Карэя можа даць Расіі мільён снарадаў за адзін тыдзень, нагадвае ўкраінскае агенцтва unian.ua

Афіцэр рэзерву УСУ ваенны эксперт Андрэй Крамараў лічыць, што ўкраінская дыпламатыя зараз павінна тлумачыць партнёрам, што Украіне трэба мільёны снарадаў і пашырэнне вытворчасці.

«Можаце спытаць у салдат, які зараз ліміт выкарыстання тых самых 155-міліметровых снарадаў на лініі фронту. Толькі ідыёт, прабачце, можа сказаць, што дэфіцыт снарадаў можна кампенсаваць з дапамогай FPV-дронаў. FPV-дроны і 155-міліметровы снарад – гэта зусім рознае ўзбраенне. Яны не могуць кампенсаваць адзін аднаго, яны дапаўняюць адзін аднаго», – адзначыў Крамараў.

Паводле яго слоў, больш за ўсё хвалююць палітычныя працэсы ў ЗША, бо амерыканцы былі найбуйнейшымі донарамі ўзбраенняў натаўскага ўзору.

«Гэта вельмі крута, што ўвесь свет убачыў, што расійскі танк Т-90М можна знішчыць з БМП Bradley, але калі ў БМП Bradley элементарна няма патронаў для гарматы, то ён становіцца трафеем у расійскім ваенным музеі», – растлумачыў ён.

Паводле слоў Крамарава, сітуацыя зараз «вельмі крытычная». Часам камандзірам даводзіцца загадваць асабоваму складу адыходзіць з-за адсутнасці боепрыпасаў.

«Я ведаю сітуацыю ў тым жа Крухмальным, пра які зараз шмат гавораць. Мой былы падпарадкаваны зараз там камандзір роты. Яны трымалі Крухмальнае і адышлі з яго даслоўна з-за таго, што не было боепрыпасаў. Камандзір роты (...) расказваў мне: "Мы зрабілі апошні стрэл з гранатамёта, і я зразумеў, што далей утрымліваць пазіцыю мы проста фізічна не зможам. У адваротным выпадку я проста пакладу роту". І ён адышоў. Дарэчы, пасля таго, літаральна праз 24 гадзіны, 25-брыгада штурмавікоў зайшла ў Крухмальнае, перабілі там расіян – і цяпер гэты населены пункт зноў умоўна шэрая зона», – адзначыў Крамараў.

яс/unian.ua