Беларуская Служба

На саміце ЕС будуць абмяркоўваць пытанне паставак боепрыпасаў ва Украіну

30.01.2024 12:51
Еўрасаюз плануе паведаміць, што паскарае пастаўкі боепрыпасаў ва Украіну.
Сцягі Еўрасаюзафота: pixabay.com/CC0 Public Domain

Такія палажэнні ўключаны ў праект прапаноў, падрыхтаваны да саміту, які пачынаецца заўтра ў Бруселі. Дакумент пабачыла карэспандэнтка Польскага радыё ў Бруселі Бэата Пламэцка.

Кароткі тэкст на 2 старонках змяшчае гарантыі аб працягу ваеннай падтрымкі для Украіны. Гаворыцца аб неабходнасці паскарэння паставак ва Украіну, каб выканаць абавязацельствы ЕС. Еўрасаюз абяцаў даць Кіеву мільён патронаў да сакавіка.
У канцы мінулага году эксперты Еўрасаюза заяўлялі, што Супольнасць не зможа выканаць гэтае абяцанне. Склады ў многіх краінах пустуюць, а новыя кантракты не дазваляюць хутка папоўніць запасы і перадаць Украіне боепрыпасы. Лідары будуць заклікаць урады дзяржаў-членаў паскорыць неабходныя закупкі ўзбраення.

У праекце прапаноў да саміту таксама ёсць дэкларацыя аб далейшай фінансавай падтрымцы Украіны, але без дэталяў. А галоўнай тэмай саміту ў чацвер стане фінансавы пакет у 50 мільярдаў еўра да 2027 года.

На снежаньскім саміце Венгрыя заблакавала згоду на гэты пакет. З таго часу працягваюцца кансультацыі з уладамі ў Будапэшце, прэсінг нарастае, у еўрапейскай прэсе гучаць пагрозы, што ЕС цалкам спыніць фінансаванне Венгрыі. Аднак Будапэшт ужо некалькі дзён пасылае Бруселю сігналы, што гатовы пагадзіцца на пакет пры пэўных умовах, якія яшчэ трэба будзе ўзгадніць.

яс