Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг звярнуўся да Кангрэса ЗША з просьбай аб далейшай падтрымцы Украіны. Кіраўнік Альянсу сустрэўся ў Вашынгтоне з дзяржсакратарамі і міністрамі абароны і дарадцамі прэзідэнта Джо Байдэна. Пасля сустрэчы з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам кіраўнік НАТА заявіў, што перамога Расіі ва Украіне падбадзёрыць Іран, Паўночную Карэю і Кітай. Столтэнберг сцвярджаў, што падтрымка Украіны служыць інтарэсам ЗША.
«Пытанне дапамогі Украіне стала прадметам дыскусіі на палітычнай арэне ў Амерыцы, і гэта дыскусія вядзецца падчас выбарчай кампаніі, што з'небяспечна», – заявіла амерыканіст з Ягелонскага ўніверсітэта Малгажата Захара-Шыманьска ў каментары Польскаму радыё 24. Як яна адзначыла, дыскусіі пра выбары вядуцца «з жорсткай лексікай, выказваюцца далёка не ўзважаныя погляды».
«Енс Столтэнберг сказаў, што «дапамога Украіне зʼяўляецца жыццёва важным інтарэсам Амерыкі», і ён хацеў пераканаць у гэтым кангрэсменаў як з дэмакратычнага, так і з рэспубліканскага боку, – адзначыла Малгажата Захара-Шыманьска. Яна дадала, што амерыканскія кангрэсмены «ўблыталіся ў сваю ўласную палітычную гульню, рухомую атмасферай выбарчай кампаніі», а адміністрацыя Джо Байдэна хацела дамовіцца аб дапамозе Украіне «праз саступкі наконт аховы паўднёвай мяжы», што «знаходзіцца ў сурʼёзным крызісе». – Гэта элемент гульні, які моцна падкрэслівае Рэспубліканская партыя».
Паводле праф. Пятра Грахмальскага, Джо Байдэн «зрабіў жахлівую памылку», сумясціўшы ўнутраную палітыку з пытаннямі падтрымкі Украіны. Эксперт нагадаў, што тэма міграцыі з поўдня знаходзіцца ў амерыканскай палітыцы яшчэ з часоў Буша-старэйшага. «Толькі Клінтан у крыху іншай форме прыняў міграцыйныя нормы ў заканадаўчай форме. З тых часоў змянілася практычна ўсё. Сёння гэта вельмі сурʼёзная праблема», – адзначыў ён.
– Байдэн узарваў бочку з порахам. Сітуацыя тут сапраўды вельмі складаная, абодва бакі гуляюць паводле логікі, звязанай з жорсткім электаратам. Гэтая гульня ў перацягванне каната на Украіне – складаная сітуацыя з пункту гледжання кіраўніка НАТА, які таксама знаходзіцца ў няпростай пазіцыі. Гэта яшчэ адзін перыяд падаўжэння яго кіраўніцтва гэтай арганізацыяй, – сказаў праф. Пётр Грахмальскі.
Гульня ў амерыканскія выбары
Спікер Палаты прадстаўнікоў ад рэспубліканцаў заявіў у пятніцу, што Кангрэс не гатовы ўхваліць сродкі для ваеннай дапамогі Украіне. У лісце да кангрэсменаў Майк Джонсан заявіў, што прычынай зʼяўляецца адсутнасць пагаднення аб узмацненні аховы амерыкана-мексіканскай мяжы. Прэзідэнт Джо Байдэн заклікаў да двухпартыйнага пагаднення па гэтым пытанні.
Аднаўленне ваеннай дапамогі Украіне ўваходзіць у пакет больш шырокіх рэформаў, якія абмяркоўваюцца ў Сенаце, у тым ліку звязаных з іміграцыйнымі пытаннямі. Ідэя заключаецца ў тым, каб узмацніць ахову мяжы паміж ЗША і Мексікай, якая зʼяўляецца асноўным шляхам, праз які трапляць нелегальныя мігранты ў ЗША.
Пытанне памежнага крызісу абʼядналі з пытаннем падтрымкі Украіны з ініцыятывы рэспубліканцаў, якія патрабуюць ад Белага дома саступак у пытаннях іміграцыі. У адказ на заяву Майка Джонсана прэзідэнт Джо Байдэн заклікаў падпісаць двухпартыйнае пагадненне па гэтым пытанні. «Калі вы сурʼёзна ставіцеся да памежнага крызісу, прыміце двухпартыйны законапраект, і я яго падпішу», – сказаў прэзідэнт ЗША.
Polskie Radio 24/PAP/IAR/вх