Беларуская Служба

Пагроза пазбаўлення Венгрыі права голасу ў Еўрапейскай радзе – рэальная

02.02.2024 09:31
Дагэтуль рабіліся спробы пераканаць урад у Будапешце, але ў гэтым выпадку ЕС супрацьпаставіўся. 
  .
Сустрэча з В.ОрбанамFoto: PAP/EPA/ZOLTAN FISCHER/HUNGARIAN PRIME MINISTER'S PRESS OFFICE/HANDOUT

Пагроза пазбаўлення Венгрыі права голасу ў Еўрапейскай радзе – рэальная – заявіла ў інтэрв'ю PAP доктар Малгажата Банікоўска, дырэктар Цэнтра міжнародных адносін (CSM) і эксперт па справах ЕС. Паводле яе слоў, Еўрасаюз змяніў стратэгію і выступіў супраць Венгрыі ў справе Украіны.

Па словах доктара Банікоўскай, прынятае ў чацвер рашэнне аб фінансавай дапамозе ЕС для Украіны ў памеры 50 мільярдаў еўра мае вырашальнае значэнне, паколькі ўкраінская дзяржава не можа эфектыўна збіраць падаткі ў стане вайны.

«Кіеўская ўлада павінна мець замежную кропельніцу, якая забяспечвае функцыянаванне дзяржавы», – кажа эксперт. Паводле яе слоў, прынятае ў Бруселі рашэнне дае Украіне адносную стабільнасць на чатыры гады.

«Расія таксама атрымала сігнал, што, нягледзячы на яе намаганні, Еўропа не можа быць падзелена ў пытанні дапамогі Украіне», – адзначыла Малгажата Банікоўска. «Важным сігналам зʼяўляецца і тое, што ЕС не паддаўся на шантаж адной краіны, то бок Венгрыі», – дадала яна.

У чацвер краінам ЕС удалося пераадолець вета Венгрыі на дапамогу Кіеву, якую Віктар Орбан заблакаваў на саміце Еўрапейскай рады ў сярэдзіне снежня.

Дамоўленасць была дасягнутая пасля перамоваў у вузкім складзе перад афіцыйным пачаткам саміту. Старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль і кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен разам з лідарамі Францыі, Германіі і Італіі – Эмануэлем Макронам, Олафам Шольцам і Джорджыяй Мелоні – правялі закрытую сустрэчу з прэмʼер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам. Пазней да іх далучыліся прэмʼер-міністр Нідэрландаў Марк Рутэ, прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск і прэмʼер-міністр Бельгіі Аляксандр Дэ Кро.

На думку доктар Банікоўскай, гэта «пачатак канца праблем з Орбанам». «Не можа быць, каб адна краіна карысталася прынцыпам аднагалоснасці для шантажу астатніх 26», – каментуе суразмоўца PAP.

Дагэтуль рабіліся спробы пераканаць урад у Будапешце, але ў гэтым выпадку «ЕС супрацьпаставіўся». Паводле кіраўніка CSM, Орбан гуляе на час да чэрвеньскіх выбараў у Еўрапарламент і зменаў на кіруючых пасадах у ЕС у другім паўгоддзі, бо «ён зразумеў, што ў цяперашняй сістэме не дасягне што-небудзь яшчэ».

На думку эксперта, Венгрыя стаіць перад рэальнай пагрозай прыняцця ў дачыненні да яе далейшых крокаў у рамках працэдуры па арт. 7 Дамовы аб Еўрапейскім Саюзе, што можа прывесці да пазбаўлення права голасу ў радзе. Больш за сотню еўрадэпутатаў нядаўна заклікалі да такога рашэння.

Як адзначае доктар Банікоўска, гэта больш рэальна, асабліва пасля выбараў у Польшчы, бо ўрад Орбана страціў саюзніка, на якога мог абаперціся. Аднак ягоная дамоўленасць з прэм’ер-міністрам Славаччыны Робэртам Фіцо далёкая ад пэўнасці.

ав