Пад санкцыі Еўрасаюза ў рамках 13-га пакета абмежаванняў трапяць амаль 250 чалавек і кампаній з Расіі, паведамляе Польскае радыё. Гэта вынік кансультацый, якія падчас выходны Еўракамісія правяла з краінамі-членамі.
Верагодна, у 13-м пакеце будуць санкцыі індывідуальныя, а не эканамічныя. Гаворка ідзе пра пашырэнне «чорнага спісу» асобаў, кампаній і установаў, якіх датычыць забарона на ўезд у ЕС і замарожванне актываў. У цяперашні час згаданы спіс налічвае амаль 2 000 пазіцый. Тэму працягвае карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка:
- Акрамя амаль 250 чалавек і кампаній, унесеных у чорны спіс, найноўшы пакет абмежаванняў таксама будзе ўключаць забарону на гандаль з кампаніямі, якія абыходзяць эмбарга на пастаўкі зброі ў Расію. Польшча разам з краінамі Балтыі заклікала да максімальна амбіцыйных санкцый. Сярод чатырох прапаноў была, між іншым, забарона на імпарт ЗПГ і алюмінію. Аднак пасля кансультацый, якія адбыліся падчас выходных, вядома, што згаданая прапанова не ўвойдзе ў 13-ы пакет санкцый. Камісія не хоча, каб абмежаванні былі занадта складанымі, бо мае намер пазбегнуць працяглых і цяжкіх перамоваў. Мэта – прыняць санкцыі не пазней за другую гадавіну нападу Расіі на Украіну. Тым не менш, Польшча настойвае на тым, каб камісія як мага хутчэй прадставіла праект сектарных абмежаванняў, нават калі яны не будуць прынятыя разам з 13-м пакетам санкцый.
IAR/аз