Дональд Трамп адкрыта тарпедуе дасягнуты ў Сенаце ЗША двухпартыйны кампраміс аб дапамозе Украіне і ўзмацненні аховы паўднёвай мяжы ЗША.
Былы прэзідэнт заклікае рэспубліканцаў галасаваць супраць пакета, што робіць шанцы на яго прыняцце Кангрэсам усё меншымі.
Летась, калі прэзідэнт Джо Байдэн прапанаваў Украіне дадатковую падтрымку ў памеры 60 мільярдаў долараў, рэспубліканцы заявілі, што ў першую чаргу ён павінен засяродзіцца на абароне межаў ЗША. Белы дом заявіў пра гатоўнасць пайсці на кампраміс, і палітыкі з абодвух бакоў пачалі перамовы аб больш шырокім пакеце, які, у дадатак да дапамогі Украіне, Ізраілю і Тайваню, прадугледжвае мільярды долараў на ўмацаванне памежных службаў ЗША і ўзмацненне жорсткасці правілаў іміграцыі і прадастаўлення прытулку.
Аднак абвешчаны ў нядзелю міжпартыйны кампраміс стаў прадметам рэзкай крытыкі з боку Дональда Трампа.
Пасля кансультацый з Трампам спікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан абвясціў, што нават не будзе ставіць законапраект на галасаванне.
Трамп, які выступае супраць далейшай падтрымкі Украіны, прыгразіў рэспубліканцам, якія прагаласуюць за пакет, што гэта будзе канцом іх палітычнай кар'еры.
Улічваючы ціск з боку Дональда Трампа, шанцы на зацвярджэнне законапраекта Кангрэсам невялікія.
яс/Марэк Валкускі