Аўстралія павялічыць выдаткі на абарону з 2,1 да 2,4 працэнта ВУП на працягу наступных некалькіх гадоў, што азначае дадатковыя 7 мільярдаў долараў для арміі. Канбера таксама хоча мець флот з 26 ваенных караблёў праз 10 гадоў, у параўнанні з цяперашнімі 11.
«Гэта самы вялікі флот, які мы будзем мець з моманту заканчэння Другой сусветнай вайны», — заявіў міністр абароны Аўстраліі Рычард Марлз.
Аўстралія будзе мець шэсць фрэгатаў класа Hunter, 11 фрэгатаў агульнага прызначэння, тры авіяэсмінца класа Hobart і шэсць беспілотных надводных ваенных караблёў. Шэсць астатніх фрэгатаў класа Anzac і два найстарэйшых карабля павінны быць выведзеныя з эксплуатацыі. Прынамсі, частка флоту будзе ўзброеная ракетамі «Тамагаўк», здольнымі наносіць далёкія ўдары па цэлях у глыбіні тэрыторыі магчымага праціўніка, што стане галоўным сродкам стрымлівання.
Частка караблёў будзе будавацца ў Адэлаідзе, дзе будзе занята больш за тры тысячы чалавек. Наступныя будуць з амерыканскіх праектаў і, пакуль не вырашана, з Іспаніі, Германіі, Паўднёвай Карэі ці Японіі. Кошт - некалькі дзясяткаў мільярдаў долараў на працягу наступнага дзесяцігоддзя.
У 2021 годзе Аўстралія абвясціла аб планах купіць некалькі атамных падводных лодак, распрацаваных у ЗША, адмовіўшыся ад шматгадовага кантракта па набыццю 12 французскіх падводных лодак, агульны кошт якіх ацэньваўся ў 50 мільярдаў аўстралійскіх долараў. У выніку Канбера заплаціла Францыі штраф у памеры прыкладна 830 мільёнаў аўстралійскіх долараў.
Падводныя лодкі класа «Вірджынія» будуць мець ядзерныя рухавікі, але не будуць узброеныя ядзернай зброяй і, як чакаецца, будуць несці крылатыя ракеты далёкага радыусу дзеяння.
Гэта вынік хаўрусу, заключанага паміж ЗША, Аўстраліяй і Вялікабрытаніяй у Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне - AUKUS. Дадзены пакт разглядаецца як крок да ўмацавання саюзнікаў у кантэксце глабальнай канкурэнцыі з Кітаем.
ПР/юл