Беларуская Служба

Францыя рыхтуецца да ваеннага канфлікту на тэрыторыі Еўропы

09.03.2024 13:21
Французскія ўлады пашыраюць вайсковую падтрымку для Украіны ды прадстаўляюць гарантыі бяспекі для Малдовы.
Ілюстрацыйны здымакEPA/HEIKO JUNGE Dostawca: PAP/EPA

Французская армія рыхтуецца да высокаінтэнсіўнага ваеннага канфлікту на тэрыторыі Еўропы супраць ворага, які можа раўняцца з імі па агнявой моцы, паведамляе выданне Politico.

Журналісты адзначаюць, што ўмовы падрыхтоўкі французскіх войск у цэнтры баявой падрыхтоўкі максімальна набліжаны да рэальнага поля бою. Імітуецца артылерыйскі агонь, паўсюль раскіданыя міны, а радыёсувязь можа быць перапынена без папярэджання. Афіцэры не называюць патэнцыйных ворагаў, аднак адзначаецца, што вучэнні накіраваныя на падрыхтоўку войск да змагання з такім сапернікам, як Расія.

Разам з тым  сёння тры французскія абаронныя кампаніі абвясцілі, што маюць намер пачаць вытворчасць ва Украіне ўжо гэтым летам.

Аб гэтым заявіў кіраўнік Міністэрства абароны Францыі Себасцьян Лекарню, якога цытуе France 24. Паводле яго слоў, гэта тычыцца вытворчасці ў сферы беспілотнікаў і абсталявання для сухапутных сіл, запчастак і, магчыма, у будучыні боепрыпасаў .

Сярод гэтых кампаній, хутчэй за ўсё, будзе франка-германскі абаронны кансорцыум KNDS, французскі вытворца ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі Nexter і нямецка-французская машынабудаўнічая кампаніяй Krauss-Maffei Wegmann GmbH & Co KG.

Для падтрымкі Украіны «няма ніякіх абмежаванняў, няма чырвоных ліній», заявіў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. Такая заява прагучала на сустрэчы прэзідэнта з лідарамі парламенцкіх партый. Эмануэль Макрон таксама распавёў ім аб сітуацыі на полі бою ва Украіне і аб тым, як ён бачыць французскую падтрымку Кіева, піша выданне Le Monde.

Паведамляецца, што пасля нядаўніх заяў аб магчымай адпраўцы войск ва Украіну, кіраўнік правай партыі «Нацыянальнае аб'яднанне» Жордан Бардэла падчас амаль трохгадзіннай сустрэчы з Макронам літаральна маліў, каб «Францыя не ўступіла ў вайну з Расіяй». На што Макрон адказаў, што «паколькі перад намі Уладзімір Пуцін, які відавочна не мае абмежаванняў, усталяваць сабе некаторыя азначала б даць яму перавагу».

У той жа час на фоне пагрозы з боку Расіі Францыя і Малдова падпісалі абаронную дамову. Дакумент быў падпісаны міністрамі абароны дзвюх краін.

Па словах французскага прэзідэнта Эмануэля Макрона, пагадненне прадугледжвае «адкрыццё ў бліжэйшыя месяцы пастаяннай абароннай місіі ў Кішынёве». Французскі лідар зазначыў, што гэта толькі першы крок.

юл