Украіна плануе мабілізаваць у Сілы абароны да 500 тысяч чалавек. Пра гэта піша Financial Times са спасылкай на адказ Мінабароны Украіны.
Як адзначае FT, цяпер колькасць украінскіх вайскоўцаў на фронце ацэньваецца ў 330 тысяч чалавек. Астатніх новамабілізаваных плануецца прыцягваць для папаўнення страт і іншых ваенных патрэб у залежнасці ад абстаноўкі на полі бою.
Падчас выніковай прэс-канферэнцыі ў канцы 2023 года прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што Генштаб і тагачасны галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Валерый Залужны прапаноўвалі мабілізаваць для контрнаступлення да 400-500 тысяч чалавек.
Сам Залужны казаў, што вайсковае камандаванне «ў нейкім асобным фармаце, асобным захадам непасрэдна ў Кабінэт міністраў ці Савет» не рабіла запытаў «на нейкія лічбы» адносна мабілізацыі.
7 лютага Вярхоўная Рада падтрымала абноўлены ўрадавы законапраект аб мабілізацыі. Сярод яго пунктаў — адмена прызыву (яго заменяць базавай ваеннай падрыхтоўкай) і дэмабілізацыя вайскоўцаў пасля 36 месяцаў службы.
Да другога чытання законапраекта народныя выбраннікі ўнеслі больш за чатыры тысячы паправак: уручную і ў электронным выглядзе.
Крыніца: hromadske