Больш артылерыйскіх снарадаў і ракет для сістэм супрацьпаветранай абароны. Гэтага чакае Кіеў па выніках учарашняй сустрэчы ў Рамштайне. Учора на нямецкай базе сустрэліся кіраўнікі Мінабароны краін, якія дапамагаюць Украіне пастаўкамі зброі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падзякаваў усім краінам, якія працуюць над ваеннай дапамогай яго краіне:
- Да чэшскай ініцыятывы па закупках боепрыпасаў далучаюцца новыя краіны – дзякуй усім. Прыярытэт тычыцца супрацьпаветранай і радыёэлектроннай абароны ды беспілотнікаў і застаецца нязменным. Я хацеў бы падзякаваць усім краінам, якія працуюць над тым, каб гэты прыярытэт быў рэалізаваны. Выкарыстанне ўкраінскіх беспілотнікаў ужо прыносіць нядрэнныя вынікі, але нам неабходна значна ўзмацніць міжнародны складнік супрацоўніцтва. Фронт павінен адчуць нашую падтрымку, калі гаворка ідзе пра беспілотнікі.
Уладзімір Зяленскі таксама падзякаваў Германіі за абяцаны пакет дапамогі на суму паўмільярда еўра. Пакет уключае ў тым ліку дадатковыя пастаўкі боепрыпасаў – 10 тыс. артылерыйскіх снарадаў са складоў Бундэсвера. Таксама новы пакет дапамогі будзе ўключаць 100 адзінак бронемашын і 100 аўтамабіляў.
IAR/аз