Беларуская Служба

ЕС прапануе ўвесці высокія тарыфы на збожжа і алейныя культуры з Расіі і Беларусі

22.03.2024 12:30
Мытныя пошліны будуць у разы вышэйшыя за цяперашнія стаўкі.
ЗбажынаArcaion/pixabay.com/CC0 Public Domain

Еўракамісія накіравала свае прапановы краінам ЕС. Для ўвядзення тарыфаў не патрабуецца аднагалоснасць, дастаткова згоды большасці краін. Група краін на чале з Польшчай выступіла за абмежаванне імпарту.

Мытныя пошліны будуць у разы вышэйшыя за цяперашнія стаўкі, паколькі цяпер на некаторыя тавары яны амаль нулявыя або нулявыя. Яны вырастуць да 95 еўра за тону. Аб павышэнні тарыфаў заявіла старшыня камісіі Урсула фон дэр Ляен, прадставіўшы аргументы для іх увядзення. Яна сказала, што, па-першае, яны закліканыя не даць расійскаму збожжу дэстабілізаваць рынак ЕС. «Гэта таксама пазбавіць Расію прыбытку ад экспарту ў Еўрасаюз» – гэта другая прычына, то бок ідэя ў тым, каб грошы не фінансавалі расійскага ВПК. І трэцяя прычына – спыніць нелегальны экспарт скрадзенага Расіяй украінскага збожжа ў краіны ЕС. Але вядома, што прычыны ў асноўным палітычныя і маральныя. Сельгаспрадукцыя з Расіі шырока паступала ў Еўрасаюз, у той час як Еўрасаюз увёў абмежаванні на імпарт прадукцыі з Украіны і хоча далейшага абмежавання імпарту ў будучыні.

Еўракамісія не пагадзілася на поўнае эмбарга на сельскагаспадарчую прадукцыю з Расіі і Беларусі, матывуючы гэта глабальнай харчовай бяспекай. На гэта таксама не пагадзіліся многія краіны-члены. І таму Брусель прыняў рашэнне аб тарыфах, якія, як спадзяюцца еўрачыноўнікі, могуць быць прыняты краінамі ЕС вельмі хутка.

IAR/нг