Беларуская Служба

Жахлівы тэракт у Падмаскоўі: забітыя дзясяткі чалавек

22.03.2024 20:21
Больш за 100 паранены.
:
Фота:Максім Блінаў/РИА Новости

Буйны тэракт адбыўся ўвечары ў пятніцу, 22 сакавіка, у канцэртнай залі "Крокус Сіці Хол" умяшчальнасцю каля 7 тысяч чалавек у Краснагорску ў Маскоўскай вобласці РФ. У будынку могуць заставацца каля 100 чалавек. Частка з іх магла схавацца на -1 паверсе, частка можа быць адрэзана ад выхаду агнём на чацвёртым паверсе будынка. У будынку ўспыхнуў пажар, абваліўся дах.

Ужо вядома пра 40 загінулых падчас стральбы ў "Крокус Сіці Хол", піша 112. Яшчэ як мінімум 100 чалавек атрымалі раненні. Крыніцы РБК паведамілі пра як мінімум трох нападніках у камуфляжы, тэлеграм-канал Mash пісаў аб пяці.

За некалькі гадзін да тэракту, ФСБ апублікавала паведамленне, у якім ішла гаворка пра ліквідацыю групы людзей, якія спрабавалі вербаваць расіян у антыпуцінскія партызанскія атрады. У пачатку сакавіка заходнія спецслужбы папярэджвалі, што ў Маскве можа адбыцца тэракт. Афіцыйных заяваў Крамля з нагоды трагедыі пакуль няма.

Паводле заявы Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны, гэта свядомая правакацыя спецслужбаў Пуціна. Па словах прадстаўніка ГУР Юсава, міжнародная супольнасць папярэджвала РФ: «Крамлёўскі тыран з гэтага пачынаў сваю кар'еру і [гэтак жа] хоча яе завяршыць».

Былы кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы генерал Станіслаў Козей так пракаментаваў тэракт:

«У адным можна быць амаль упэўненым – сённяшні тэракт дапаможа Пуціну прымаць непапулярныя ў грамадстве ваенныя рашэнні. Ён скансалідуе падтрымку расіян вакол яго».


Палітолаг Ігар Тышкевіч напісаў у сваім Тэлеграм-канале, што Пуціну неабходна запужаць расіян, каб больш людзей загнаць на фронт ва Украіне. Дзеля гэтага магутны тэракт ідэальна падыходзіць.

«Я не здзіўлюся, калі ўжо раніцай знойдуць украінскі след ці заб'юць аднаго з тых, хто нападаў, а ў кішэні будзе ляжаць візітоўка ці то Яраша, ці то Буданава. Далей крыху істэрыі і мабілізацыя», - падсумаваў Тышкевіч.

112/Хартыя'97/РБК/Mash 

нг