Прэм'ер-міністр Дональд Туск напісаў, што Польшча «рашуча асуджае брутальны напад на наведнікаў «Крокус Сіці Хол» пад Масквой».
«Усе мы сумуем разам з семʼямі загінулых. Спадзяемся, што гэтая страшная трагедыя ні для каго не стане апраўданнем эскалацыі гвалту і агрэсіі», – напісаў прэмʼер-міністр Польшчы ў сацсетцы Х.
Паводле апошніх звестак, у выніку расстрэлу безабаронных людзей і пажару ў канцэртнай зале «Крокус Сіці Хол» загінулі 133 асобы. Пацярпелых дастаюць з-пад завалаў, пошукі працягваюцца.
Адна з груповак тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» прызналася ў арганізацыі тэракту. Праз некалькі гадзін ФСБ заявіла аб затрыманні 11 чалавек, у тым ліку непасрэдных выканаўцаў нападу. У першых каментарах расійскія пракрамлёўскія палітыкі ставяць пад сумнеў адказнасць арганізацыі «Ісламская дзяржава» і згадваюць Украіну.
IAR/нг