Беларуская Служба

«Дайце нам праклятыя Patriot'ы» – Украіне патрэбна супрацьпаветраная абарона

26.03.2024 13:18
У інтэрв'ю POLITICO кіраўнік МЗС Украіны Дзьмітро Кулеба выступае з некалькімі рэзкімі пасланнямі саюзнікам Кіева.
  .
Кіеў пасля абстрэлу.Фота з адкрытых крыніц.

Міністр замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба не змякчае слоў. Ёсць адзін пункт, які адчайна патрэбны яго краіне, каб адбівацца ад няспынных ракетных нападаў Расіі.

«Дайце нам праклятыя Patriot», – патрабавальна кажа Кулеба. Ракеты «зямля-паветра» Patriot зʼяўляюцца найлепшай сістэмай абароны для барацьбы з балістычнымі ракетамі, якія апошнімі днямі з усё большай інтэнсіўнасцю абрынаюцца на Украіну.

«Калі б у нас было дастаткова сродкаў супрацьпаветранай абароны, а менавіта Patriot, мы змаглі б абараніць ад разбурэння не толькі жыццё нашых людзей, але і нашу эканоміку», – дадаў ён.

Патрэба ў такой абароне для жыхароў Кіева відавочная. Літаральна за гадзіну да таго, як Кулеба сустрэўся з POLITICO ў міністэрстве замежных спраў у панядзелак, у сярэдзіне дня, украінская сталіца патрапіла пад атаку ракетамі. Ракеты былі перахопленыя сродкамі супрацьпаветранай абароны Patriot. Але дзевяць чалавек, у тым ліку дзяўчынка-падлетак, усё роўна пацярпелі ад падзення абломкаў.

Патрабаванне міністра замежных спраў зʼявілася ў цяжкі момант для Украіны ў яе спробе супрацьстаяць уварванню Уладзіміра Пуціна. Падтрымка Захаду, моцная ў пачатку ўварвання два гады таму, аслабла ў апошнія месяцы.

Еўрапейскія саюзнікі з усіх сіл намагаюцца ліквідаваць дэфіцыт фінансавання і паставак узбраення, што так патрэбна Кіеву. Вайна за самазахаванне Украіны знаходзіцца ў хісткай сітуацыі. Расія прасоўваецца на полі бою, і Пуцін выкарыстоўвае кожную магчымасць, каб узмацніць расійскі наступ.

Стомленыя салдаты Украіны на ўсходзе краіны павінны нейкім чынам утрымліваць свае пазіцыі.

Няма ратунку

«Калі ўкраінскія войскі губляюць пазіцыі, давайце паглядзім, у чым прычына, – сказаў Кулеба. — Гэта таму, што Расія пачала масава выкарыстоўваць мадэрнізаваныя авіяцыйныя кіраваныя бомбы».

Ён растлумачыў, што авіяцыйныя кіраваныя бомбы – гэта зброя, ад якой «нельга ўцячы», калі вы мэта. «Яна проста падае на галаву і разбурае ўсё. Такім чынам мы губляем пазіцыі, і адзіны спосаб перадухіліць гэта – збіваць самалёты з бомбамі, – дадаў Кулеба. – Нам патрэбныя сістэмы супрацьпаветранай абароны на перадавой».

Кіеў, вядома, удзячны за ўсю падтрымку, якая зыходзіць з боку заходняга альянсу, сказаў ён. Але Кулеба непакоіцца, што дзеянні саюзнікаў не заўсёды адпавядаюць іх рыторыцы, і па меры таго, як вайна зацягваецца, яны «вяртаюцца да звычайнага спосабу вядзення палітыкі».

Ён апісвае замкнёнае кола – пастаўкі зброі затрымліваюцца, або яна пастаўляецца ў недастатковай колькасці, а потым саюзнікі кажуць, што Украіна адступае, Украіна не зможа перамагчы. І саюзнікі задаюць сабе пытанне, навошта ім даваць Украіне зброю, якая «змяняе гульню».

«Але, хлопцы, уся гэтая карціна рэчаіснасці, якую вы сабе малюеце, зʼяўляецца вынікам аднаго простага факту – украінскія вайскоўцы не маюць дастатковай колькасці зброі, таму што вы гэта не забяспечылі», – сказаў Кулеба.



Таксама Дзмітро Кулеба выказаўся пра магчымы ўдзел арміі краін ЕС.

Украіна ніколі не прасіла «еўрапейскія ваенныя боты на зямлі», лідары ЕС павінны звыкнуцца з думкай, што такі «дзень можа прыйсці».

«Я выдатна разумею, што еўрапейцы не прывыклі да ідэі вайны», – сказаў ён. «Але гэта бестурботнасць, якую еўрапейцы проста не могуць сабе дазволіць – ні для сябе, ні для сваіх дзяцей, – змрочна кажа ён. – Украіна можа перамагчы. Але калі Украіна прайграе, Пуцін не спыніцца».

Паводле politico.eu/onet.pl/вх