Захоп або забойства Ях'і Сінвары, лідара палестынскай тэрарыстычнай арганізацыі ХАМАС, неабходны для вызвалення закладнікаў, якія знаходзяцца ў сектары Газа, заявіў у аўторак прэзідэнт Ізраілю Іцхак Герцаг, якога цытуе «Times of Israel».
«У канчатковым выніку ў нас няма выбару, акрамя як працягваць змагацца і справіцца з Сінварам, жывым або мёртвым, каб мы маглі пабачыць, як закладнікі вяртаюцца дадому», – сказаў Герцаг.
«Гэта рэальнасць, і свет павінен гэта ўлічваць: усё пачынаецца і заканчваецца з Сінварам. Гэта ён прыняў рашэнне аб масавым забойстве (у Ізраілі) 7 кастрычніка (2023 г.), гэта ён хацеў кровапраліцця нявінных, ён той, хто працуе, каб распаліць агонь па ўсім рэгіёне і знішчыць Рамадан. Сінвар робіць усё, каб разбурыць суіснаванне (палестынцаў і ізраільцян – PAP), тут і ва ўсім рэгіёне, каб прымусіць нас змагацца адзін з адным і з усім светам. Ён той, хто імкнецца ўвесці тэрор, і ўвесь рэгіён і свет павінны ведаць, што адказнасць ляжыць толькі на ім, і ён не пазбегне адказнасці. Мы гэтага не дапусцім», – заявіў кіраўнік дзяржавы.
Такую пазіцыю Герцаг выказаў у той час, калі ізраільскія ўлады, верагодна, адмовіліся ад перамоваў з ХАМАС, якія вяліся праз пасярэднікаў, адзначае «Times of Israel». Мэтай перамоваў было вызваленне закладнікаў, выкрадзеных у Сектары Газа ў кастрычніку. Раней тэрарысты адхілілі кампрамісную прапанову ЗША аб шасцітыднёвым перамірʼі, нагадвае партал.
ХАМАС, які кіруе ў сектары Газа, здзейсніў узброенае ўварванне ў Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года, у выніку якога былі забітыя прыкладна 1200 чалавек, большасць з іх мірныя жыхары, і прыкладна 240 былі выкрадзены. Больш за 32 тысячы чалавек былі забітыя ў выніку дзеянняў Ізраілю ў адказ, якія працягваюцца па гэты дзень.
ав/РАР