Беларуская Служба

Акупанты знішчаюць украінскую ідэнтычнасць дзяцей і асімілююць іх у Расіі

27.03.2024 10:15
Непаўналетніх вярбуюць у ваенізаваныя расійскія моладзевыя арганізацыі кшталту «Юнарміі», дзе з іх фармуюць будучых «салдат» Крамля.
       , 27.12.2023
Разбурэнні пасля начной атакі расійскага беспілотніка ў Адэсе, 27.12.2023PAP/Alena Solomonova

Украінскія дзеці на акупаваных тэрыторыях гінуць ад абстрэлаў, і калі яны выжывуць цяпер, то ў будучыні будуць гінуць у шэрагах расійскай арміі – заявіла Вольга Скрыпнік, кіраўніца праўлення Крымскай праваабарончай групы падчас канферэнцыі ў Кіеве «Украдзенае дзяцінства».

«Тое, што цяпер робіць Расія, – гэта не проста дзеянні дзяржавы-агрэсара, гэта канкрэтнае міжнароднае злачынства. Сёння размова ідзе перш за ўсё пра такое злачынства, як прапаганда сярод дзяцей службы ў расійскай арміі. Гэта забаронена Жэнеўскай канвенцыяй, таму што дзяржава-агрэсар не мае права весці такую ​​прапаганду сярод дзяцей», – сказала кіраўніца праўлення Крымскай праваабарончай групы.

Паводле звестак ААН, з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ў лютым 2022 года расійскія акупацыйныя ўлады дэпартавалі каля 2,8 мільёна ўкраінцаў. Упаўнаважаная па правах дзяцей Украіны Дар'я Герасымчук мяркуе, што расіяне маглі дэпартаваць прыкладна 200-300 тысяч дзяцей.

На думку кіеўскіх уладаў і няўрадавых арганізацыяў, акупанты знішчаюць украінскую ідэнтычнасць дзяцей і асімілююць іх, каб вырашыць дэмаграфічны крызіс у Расіі. Яны таксама імкнуцца мілітарызаваць свядомасць дзяцей, якія знаходзяцца пад акупацыяй ці былі гвалтоўна вывезеныя на тэрыторыю Расіі ці Беларусі. Гэта спланаваная частка палітыкі краіны-агрэсара. Такім чынам рыхтуецца будучы «мабілізацыйны рэзерв» расійскай арміі для ўдзелу ў вайне супраць Украіны.

Расійскія ўлады актыўна вядуць ідэалагічную працу з украінскімі дзецьмі, якія знаходзяцца пад акупацыяй ці дэпартаванымі. Крэмль выкарыстоўвае прапаганду ў сістэме адукацыі, каб апраўдаць поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну. Ствараюцца спецыяльныя лагеры нібыта для «адаптацыі і дапамогі ў барацьбе з посттраўматычным расстройствам»,  непаўналетніх вярбуюць у ваенізаваныя расійскія моладзевыя арганізацыі кшталту «Юнарміі», дзе з іх фармуюць будучых «салдат» Крамля.

Паводле Вольгі Скрыпнік, акупаваны Крым стаў палігонам для ўсіх супрацьпраўных практык – дэпартацый, мілітарызацыі, выкраданняў людзей і палітычнага пераследу. Асабліва балючыя дзеянні ў дачыненні да дзяцей.

«Мы сабралі ўсе дакументы, прыклады, правялі маніторынг падзей, якія адбываліся ў розных установах. Мы даказалі, што гэта сістэма, свядома створаная Расійскай Федэрацыяй для мілітарызацыі дзяцей. Гэта поўнамаштабная вайна супраць нас, і для Расіі гэтыя дзеці сталі рэсурсам мабілізацыі», – гаворыць Скрыпнік.

Яна распавяла, як адбываецца мілітарызацыя свядомасці дзяцей на акупаванай тэрыторыі. У мерапрыемствах у дзіцячых садах, школах, дзіцячых летніках удзельнічаюць расійскія палітычныя партыі, Юнармія, Міністэрства адукацыі, навукі і моладзі Крыму, а таксама міністэрствы спорту і абароны РФ.

«Юнармія», заснаваная ў 2016 годзе, зʼяўляецца адной з папулярных ваенізаваных дзіцячых і моладзевых арганізацый у Расіі і акупаваным Крыме. Яна нагадвае ваенізаваныя арганізацыі ХХ стагоддзя – яе сябры носяць форму, удзельнічаюць у вайсковых зборах, наведваюць заняткі па «айчыннай гісторыі».

Нядаўна расійскія ўлады афіцыйна прызналі, што вядуць вайну супраць Украіны і гэта не г.зв.  спецыяльная ваенная аперацыя. «Для доўгатэрміновай вайны Расіі патрэбныя чалавечыя рэсурсы. І, перш за ўсё, яна хоча атрымаць іх на нашых акупаваных тэрыторыях, ад нашых дзяцей. Гэта сапраўды жудаснае міжнароднае злачынства ў вялікіх маштабах, за якое трэба прыцягваць да адказнасці», – кажа Скрыпнік.

«Дзе б мы ні былі, мы заўсёды і ўсюды павінны казаць, навошта нам зброя. Без яе немагчыма абараніць дзяцей. Нам патрэбна зброя (...), каб абараніць нашых людзей, нашых дзяцей, каб спыніць найгоршыя злачынствы (...) у сучаснай гісторыі», – рэзюмавала кіраўніца праўлення Крымскай праваабарончай групы.

РАР/вх

Падрыхтаваны даклад пра сексуальны гвалт супраць украінскіх жанчын на акупаваных тэрыторыях

22.02.2024 17:15
Цэнтр Лемкіна сабраў 60 шакавальных гісторыяў сексуальнага гвалту супраць украінскіх жанчын, учыненага расійскімі вайскоўцамі на акупаваных Расіяй тэрыторыях.

Выйшла справаздача пра цыганскіх дзяцей-уцекачоў з Украіны. Высновы сумныя

26.03.2024 17:03
Большасць з іх сутыкаюцца з дыскрымінацыяй.