Гэтыя дрэвы могуць расці ў шматлікіх месцах Еўропы, сцвярджае група даследчыкаў з Чэхіі.
Аўтары даследавання, прадстаўленага ў часопісе «PLOS ONE», звяртаюць увагу на асаблівую каштоўнасць асін (таполя дрыжачая) для еўрапейскіх лясоў.
«Асіна і ўвогуле асіннік з'яўляецца асяроддзем для іншых, залежных відаў раслін і жывёл. Акрамя таго, асінавыя лясы хутка аднаўляюцца і перакідваюцца на новыя тэрыторыі, таму яны добра спраўляюцца з рознымі катаклізмамі, як пажары, хваробы, нашэсці шкоднікаў ды ўраганы. Такія сітуацыі будуць здарацца ўсё часцей разам з пацяпленнем клімату», — кажа Антанін Кусбах з Універсітэта Брно, галоўны аўтар публікацыі.
Выкарыстоўваючы палявыя даследаванні, метады дыстанцыйнага назірання і складаныя статыстычныя метады, навукоўцы прааналізавалі стан больш чым 4 мільёнаў лясных участкаў у Чэхіі, каб лепш зразумець сучасныя патэнцыяльныя месцы прарастання асіны і гістарычныя змены ў арэале.
Дадзеныя таксама можна прымяніць да іншых рэгіёнаў Цэнтральнай Еўропы.
Калісьці асінавыя лясы былі нашмат больш распаўсюджаныя, чым сёння, але яны былі знішчаны камерцыйнымі лесапасадкамі з выкарыстаннем іншых парод. Аднак сітуацыю можна змяніць, лічаць даследчыкі.
Ёсць шмат месцаў, дзе можа расці асіна - прынамсі, у Цэнтральнай Еўропе.
«Змена лясной палітыкі ў Еўропе можа аднавіць гэтыя незвычайныя лясы. З кожным гектарам, пакрытым асіннікам, будзе развівацца разнастайнасць расліннага і жывёльнага свету», — кажа суаўтар даследавання Пол Роджэрс.
РАР/юл