Два гады прайшло з таго часу, калі ўкраінскія абаронцы вызвалілі з-пад расійскай акупацыі населеныя пункты Кіеўскай вобласці Украіны. Навучаныя горкім вопытам, УСУ стварылі магутную абарону сталіцы.
Кіеў мае не адну, а тры лініі абароны, - кажа камандуючы сухапутнымі войскамі Украіны Аляксандр Паўлюк. Вайскоўцы падкрэсліваюць, што зроблена ўсё, каб расіяне не прарваліся ў бок сталіцы. Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон нядаўна казаў пра магчымасць паўторнага наступу на Кіеў. Украіна таксама будуе сталыя ўмацаванні, таму што, па словах генерала Паўлюка, «калі ёсць такі сусед, заўсёды трэба быць гатовым да абароны»:
- Мы значна ўзмацнілі чарнобыльскі напрамак, які раней не лічыўся рубяжом абароны. Зрабілі ўсё магчымае, каб не даць праціўніку прарвацца на захад Украіны. Умацоўваем рубяжы абароны, будуем трывалыя бетонныя ўмацаванні.
Камандуючы сухапутнымі войскамі Украіны дадаў, што мяжа з Беларуссю таксама значна ўзмоцненая.
У суботу расійскае войска здзейсніла, магчыма, адзін з самых вялікіх танкавых наступаў за ўсю вайну, піша выданне Forbes.
«Яно скончылася адным з самых маштабных танкавых баёў за ўсю 25-месячную вайну Расіі ва Украіне. Калі дым рассеяўся, расіяне пакінулі на дарозе на захад ад руін Аўдзееўкі на ўсходзе Украіны траціну сваіх танкаў», - гаворыцца ў матэрыяле.
Тое, што ўкраінцы змаглі перамагчы такія буйныя і цяжкаўзброеныя расійскія сілы, паказвае на іншую тэндэнцыю, адзначылі журналісты. Нягледзячы на недахоп ключавых боепрыпасаў, украінскія брыгады ўсё яшчэ здольныя арганізаваць жорсткую абарону - часта з дапамогай мін, артылерыі, супрацьтанкавых ракет і беспілотнікаў.
IAR/UNIAN
нг