Паводле інфармацыі ад бельгійскіх службаў, дэпутатам Еўрапарламента нібыта прапаноўваліся грошы, а мэтай умяшання было аслабленне падтрымкі Украіны.
Як паведаміў Аляксандр дэ Кру (Alexander de Croo), спробы Расіі падарваць падтрымку Украіны пацверджаныя бельгійскай выведкай.
«Бельгійскія спецслужбы пацвердзілі існаванне прарасійскіх сетак уплыву, якія дзейнічаюць у некалькіх еўрапейскіх краінах, а таксама тут, у Бельгіі», — цытуе прэм'ер-міністра Associated Press.
Ён дадаў, што бельгійскія службы цесна супрацоўнічаюць з уладамі Чэхіі ў сувязі з праведзенай у гэтай краіне прарасійскай аперацыяй.
Па словах дэ Кру, расследаванне паказала, што дэпутатам Еўрапарламента прапаноўвалі грошы за прасоўванне расійскай прапаганды. У Бельгіі не было аплаты наяўнымі, але - як паведаміў журналістам у Бруселі бельгійскі прэм'ер - мела месца само ўмяшанне.
Ён не распавёщ падрабязнасцяў аб тым, хто можа быць падазраваным. «Паводле звестак нашай разведкі, мэты Масквы зразумелыя. Яны заключаюцца ў тым, каб дапамагчы большай колькасці прарасійскіх кандыдатаў на выбарах у Еўрапарламент і ўмацаваць там пэўны прарасійскі наратыў», — адзначыў прэм'ер-міністр Бельгіі, гэтая краіна старшынствуе ў Радзе ЕС у бягучым паўгоддзі.
Паводле ацэнкі дэ Кру, «паслабленне еўрапейскай падтрымкі Украіны служыць Расіі на полі бою, і гэта сапраўдная мэта таго, што было выяўлена ў апошнія тыдні».
На мінулым тыдні міністр транспарту Чэхіі Марцін Купка заявіў Financial Times, што Расія рабіла тысячы спробаў умяшацца ў еўрапейскія чыгуначныя сеткі. Атакі былі накіраваныя на крытычную інфраструктурыу. Хакерская кампанія ўключала атакі на сістэмы сігналізацыі і сеткі чэшскага нацыянальнага чыгуначнага аператара Ceske drahy.
Як нагадвае Associated Press, бельгійскія ўлады выявілі ў снежні 2022 года спробу маніпуляцыі Еўрапарламентам з удзелам чыноўнікаў з Катара.
Выбары ў Еўрапарламент пройдуць у 27 краінах-членах 6-9 чэрвеня.
PAP/вх