Беларуская Служба

Пуцін заявіў МАГАТЭ, што Расія плануе аднавіць працу акупаванай Запарожскай АЭС — The Wall Street Journal

13.04.2024 13:57
Уладзімір Пуцін праінфармаваў Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) аб планах Расіі аднавіць працу акупаванай Запарожскай АЭС, піша The Wall Street Journal са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.
Запарожская АЭСфота: wikipedia.org/Ralf1969

Паводле артыкула WSJ, кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі ў сакавіку наведаў расійскі горад Сочы, каб сустрэцца з Пуціным і кіраўніцтвам расійскай атамнай кампаніі «Расатам».

Крыніцы, знаёмыя з размовай, сказалі, што Гросі спытаў, ці будзе перазапушчана Запарожская АЭС, і Пуцін адказаў станоўча. Афіцыйныя асобы РФ не раскрываюць дакладных планаў і тэрмінаў, але адзін з дыпламатаў, знаёмы з пытаннем, сказаў, што Расія можа зрабіць гэта да 40-годзьдзя далучэння Запарожскай АЭС да сістэмы СССР — станцыю ўвялі ў эксплуатацыю ў канцы 1984 г.

Паводле еўрапейскіх дыпламатаў, знаёмых з пытаннем, Расія, верагодна, запусціць як мінімум адзін рэактар.

Цяпер пяць з шасці рэактараў знаходзяцца ў «халодным» рэжыме спынення, а адзін знаходзіцца ў «гарачым» рэжыме для вытворчасці цяпла і пары.

МАГАТЭ таксама атрымала тэхнічныя справаздачы ад інспектараў, якія сведчаць аб жаданні расіян аднавіць працу АЭС у гэтым годзе. Спасылаючыся на людзей, якія працавалі на станцыі, WSJ піша, што ў Расіі наўрад ці хопіць спецыялістаў для бяспечнага і паспяховага перазапуску.

Запарожская АЭС — гэта не станцыя «савецкага тыпу», да якой прывыклі расійскія энергетыкі, гаворыцца ў артыкуле. Станцыя часткова працуе на заходніх сістэмах кіравання і амерыканскім ядзерным паліве, і большасць гарадоў, якія яна абслугоўвала, альбо выселены, альбо кантралююцца Украінай.

WSJ мяркуе, што магчымы перазапуск стане для расіян сімвалічнай падзеяй для нармалізацыі акупацыі Запаррожскай АЭС.

8 красавіка Галоўнае ўпраўленне ўкраінскай выведкі заявіла, што з-за дзеянняў расійскіх акупантаў сітуацыя з бяспекай на Запарожскай АЭС пастаянна пагаршаецца.