Беларуская Служба

Сакрэтны дакумент МЗС Расіі раскрывае стратэгію дэстабілізацыі, якую рэалізуе Масква

18.04.2024 08:25
Дакумент Міністэрства замежных спраў Расіі ад 2023 года пацвярджае, што Расія вядзе гібрыдную вайну са Злучанымі Штатамі і іх саюзнікамі, - паведаміла Washington Post, якая атрымала інфармацыю ад прадстаўнікоў еўрапейскай разведкі.
Ілюстрацыйны здымакEPA/ANATOLY MALTSEV Dostawca: PAP/EPA

У дакуменце ад 11 красавіка 2023 года, які з'яўляецца дадаткам да агульнадаступнай канцэпцыі знешняй палітыкі МЗС РФ, запісаны намер стварыць механізм, з дапамогай якога Расія зможа аслабіць саюзнікаў ЗША. Гэты механізм прызначаны для выкарыстання слабых месцаў ва ўнутранай і знешняй палітыцы краін-саюзнікаў ЗША.

Гэты дакумент пацвярджае паведамленні СМІ і заходніх спецслужбаў аб дэстабілізацыйнай дзейнасці Расіі, падкрэслівае «WP».

У дакуменце МЗС Расіі абвінавачвае заходнія краіны і ЗША ў правядзенні палітыкі, накіраванай на захаванне «заходняй гегемоніі». Яшчэ адно абвінавачанне з боку расійскага МЗС — вядзенне гібрыднай вайны з Расіяй. Так, у сакрэтным дадатку МЗС заклікае да ўмяшання ва ўнутраную палітыку заходніх краін і іншых відаў дэстабілізацыйнай дзейнасці, а таксама правядзення кампаній па дэзінфармацыі.

Агенцтва Reuters паведаміла, што справаздача аналітыкаў амерыканскай кампаніі Microsoft паказвае, што падробленыя акаўнты, звязаныя з Расіяй, вялі дэзінфармацыйную дзейнасць. Расіяне выкарыстоўвалі ілжывыя акаўнты, каб пераканаць амерыканцаў у бессэнсоўнасці далейшай падтрымкі Украіны. Гэтыя мерапрыемствы накіраваны, сярод іншага, на: умяшанне ў меркаванні выбаршчыкаў перад прэзідэнцкімі выбарамі ў Злучаных Штатах, якія адбудуцца ў лістападзе гэтага года.

У дадатку таксама гаворыцца пра расійскае ўварванне ва Украіну. Запіс у сакрэтным дакуменце аб тым, што «Вынік уварвання Украіны вызначыць глабальны баланс сіл», сведчыць аб тым, што Расія разам з іншымі аўтарытарнымі дзяржавамі хоча навязаць іншым краінам сваё бачанне свету, - піша Washington Post.

Расійская крыніца, звязаная з важнымі расійскімі дыпламатамі, паведаміла амерыканскаму штодзённіку, што стратэгія, якая змяшчаецца ў дадатку, ужо ўступіла ў сілу. Тое, што Расія адхіліла амерыканскую рэзалюцыю ў Радзе бяспекі ААН, паводле якой ЗША і ААН працягваюць сачыць за праграмай распрацоўкі балістычных ракет Паўночнай Карэі, «з'яўляецца відавочным сігналам», лічыць крыніца. Такім чынам Расія ўмацоўвала адносіны з Паўночнай Карэяй і ўплывала на пазіцыю ЗША на міжнароднай арэне.

Даўні апанент Крамля Міхаіл Хадаркоўскі падкрэсліў, што Пуцін зробіць усё, каб пазбавіць ЗША іх цяперашняй пазіцыі на міжнароднай арэне. Хадаркоўскі адзначыў, што вайна ва Украіне - не адзінае месца, дзе Расія праводзіць сваю імперскую палітыку. Крэмль таксама робіць гэта ў Афрыцы, на Блізкім Усходзе і ў Азіі, дзе шукае саюзнікаў.

Акрамя сакрэтнага дакумента, у распараджэнні Washington Post апынуліся рэкамендацыі, падрыхтаваныя на замову МЗС Расіі супрацоўнікамі маскоўскага Інстытута Садружнасці Незалежных Дзяржаў. «Мы павінны працягваць падтрымліваць правыя і ізаляцыйныя сілы ў ЗША», — напісаў у сваіх рэкамендацыях член Маскоўскага інстытута Уладзімір Жарычын. Ён таксама заклікаў падтрымліваць дэстабілізацыю ў Паўднёвай Амерыцы шляхам падтрымкі крайніх левых і правых фарміраванняў.

Дакумент з'яўляецца афіцыйным пацвярджэннем таго, што знешняя палітыка Расіі выяўляецца не толькі ў дыпламатыі, але перш за ўсё ў дэстабілізацыйнай і дэзінфармацыйнай дзейнасці, накіраванай супраць ЗША і іх саюзнікаў, - падводзіць высновы «Washington Post»

PAP/юл.