Беларуская Служба

У Польшчы затрымалі двух чалавек, якіх падазраюць у нападзе з малатком на расійскага апазіцыянера Волкава ў Вільні

19.04.2024 10:54
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа паведаміў 19 красавіка, што ў Польшчы затрыманы два чалавекі, якія падазраюцца ў збіцці расійскага апазіцыянера Леаніда Волкава ў Вільнюсе.
 .
Леанід Волкаў. t.me/leonid_volkov

«У Польшчы затрыманы два чалавекі, якія падазраюцца ў збіцці расійскага апазіцыянера Леаніда Волкава. Я дзякую Польшчы за выдатную працу, якую яна зрабіла, я гаварыў аб гэтым з прэзідэнтам Польшчы і падзякаваў ім за выдатнае супрацоўніцтва», — сказаў прэзідэнт Гітанас Наўседа, паведамляе LRT.

Кіраўнік Літвы падзякаваў спецыялістам літоўскай крымінальнай разведкі, якія правялі першапачатковую і падрыхтоўчую работу.

«У бліжэйшы час, пасля завяршэння працэсуальных дзеянняў, гэтыя асобы будуць перададзены Літве», — сказаў ён. Аднак не ўдакладніў, калі гэта можа адбыцца.

Наўседа не ўдакладніў, хто гэтыя людзі і грамадзянамі якой краіны з'яўляюцца.

«Я пакуль не ведаю ніякіх іншых падрабязнасцяў, але магу сказаць: я бачыў, як энергічна і настойліва працавала літоўская паліцыя на працягу апошняга месяца па гэтай справе, і вельмі рады, што гэтая праца мела вынік», — пракаментаваў Волкаў на сваёй старонцы ў Facebook.

На паплечніка Навальнага Леаніда Волкава напалі ў Вільні 12 сакавіка. Яму разбілі малатком акно ў машыне, распылілі ў вочы слёзацечны газ, Волкава таксама збілі малатком па нагах.

Да сакавіка 2023 года Волкаў узначальваў заснаваны Аляксеем Навальным Фонд барацьбы з карупцыяй (у Расіі ён прызнаны экстрэмісцкай арганізацыяй і забаронены). У Расіі супраць Волкава распачата крымінальная справа: улады абвінавачваюць яго ў «схіленні непаўналетніх да супрацьпраўных дзеянняў», гэта значыць да ўдзелу ў акцыях пратэсту. У пачатку 2021 года Літва адмовілася выдаць Волкава Расіі і назвала высунутыя супраць яго абвінавачванні палітычна матываванымі.

вх