Беларуская Служба

Расія пачала выводзіць свае войскі з Нагорнага Карабаху

19.04.2024 17:18
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў паведаміў аб вывадзе г. зв. расійскіх міратворчых сілаў з Нагорнага Карабаху, былога армянскага анклаву на тэрыторыі Азербайджана, аўтаномія якога была скасаваная ў студзені 2024 года.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjne Vera Larina/ Shutterstock

СМІ паведамілі аб завяршэнні расійскай місіі ў гэтым рэгіёне Азербайджана. Працэс вываду расійскіх войскаў доўжыцца некалькі дзён.

Перыяд нетрывалага міру ў Нагорным Карабаху, які існаваў з 1994 года, але адносна часта перарываўся спарадычнымі ўзброенымі сутыкненнямі, завяршыўся ў верасні 2020 года. Затым Азербайджан паспрабаваў аднавіць кантроль над сепаратысцкім рэгіёнам. Пасля шасці тыдняў баёў, падчас якіх Баку пры падтрымцы Турцыі атрымаў значныя перавагі і тэрытарыяльныя заваёвы, у ноч з 9 на 10 лістапада 2020 года было падпісана армяна-азербайджанска-расійскае мірнае пагадненне.

У адпаведнасці з ім была дасягнута дамоўленасць аб спыненні агню і на спрэчную тэрыторыю ўведзены так званыя міратворчыя расійскія войскі.  Колькасць гэтага кантынгенту складала прыкладна 2000 чалавек.

Праз тры гады, 19-20 верасня 2023 года, Азербайджан правёў нечаканую для Арменіі ваенную аперацыю ў Нагорным Карабаху. Пасля таго, як анклаў быў захоплены ўзброенымі сіламі Азербайджана, улады Карабаху абвясцілі аб спыненні існавання непрызнанай рэспублікі з 1 студзеня 2024 года. Прыкладна праз тыдзень, у канцы верасня, амаль усе жыхары пакінулі сепаратысцкі рэгіён. Раней улады Ерэвана ацэньвалі насельніцтва Нагорнага Карабаху прыкладна ў 120 тысяч чалавек.

PAP/вх