Беларуская Служба

Суд Італіі: выратаванне мігрантаў у моры не з'яўляецца злачынствам

22.04.2024 18:21
Выратаванне мігрантаў у моры не з'яўляецца злачынствам - суд у Трапані на Сіцыліі вынес рашэнне пасля сямі гадоў разбіральніцтва і вызваліў 10 абвінавачаных, якія праводзілі выратавальныя місіі на борце карабля няўрадавай арганізацыі.
.
.sosmediterranee.org

Важнасць пастановы італьянскага суда падкрэслілі ў арганізацыі «Дактары без межаў», прадстаўнікі якой былі сярод членаў экіпажа судна дапамогі «Ювента». Яны ўдзельнічалі ў патруляванні Міжземнага мора ў 2016-2017 гадах.

Актывістаў Save the Children таксама абвінавацілі ў «садзейнічанні нелегальнай іміграцыі».

Суд пастанавіў, што злачынства не было.

Італьянскае тэлебачанне SkyTg24 адзначыла, што поўнае вызваленне ад адказнасці актывістаў, якія ратуюць мігрантаў, закрывае справу, што стала палітычнай.

СМІ цытуюць заявы адваката актывістаў Алесандра Гамберыні, які сказаў, што размова ішла пра «паклёп і крыміналізацыю дзейнасці няўрадавых арганізацый, несправядліва абвінавачаных у саўдзельніцтве з кантрабандыстамі мігрантаў».

«Імідж ратавальнікаў за гэтыя гады сапсаваны, скажоны і сфальсіфікаваны», — дадаў ён.

Юрыст сказаў: «Мы спадзяемся, што гэта адпраўная кропка для вяртання выратавання на моры на першы план».

«Мы будзем працаваць над тым, каб паважалася права на выратаванне жыцця тых, хто адпраўляецца ў гэтыя падарожжы, бо ў іх няма іншага выбару», — заявіў італьянскі адвакат.

Увесь працэс, паводле інфармацыі гуманітарных арганізацый, каштаваў 3 мільёны еўра.

Яны ахарактарызавалі судовы працэс у Трапані як «самы доўгі, самы дарагі і маштабны, калі-небудзь узбуджаны супраць няўрадавых арганізацый, якія ўдзельнічаюць у пошукава-выратавальных місіях на моры».

«Гэтага працэсу ўвогуле не павінна было быць», — заявілі актывісты. «Гэта было сем гадоў ілжывых і паклёпніцкіх абвінавачванняў», - заявілі ў арганізацыі «Дактары без межаў».

Падчас дыскусіі журналістаў італьянскага тэлебачання Nove было падкрэслена, што ў апошнія гады ў грамадскай сферы  замацаваўся тэрмін «марскія таксі», як некаторыя палітыкі называлі караблі няўрадавых арганізацый, абвінавачваючы іх у перавозцы мігрантаў на ўзбярэжжа Італіі.

PAP/вх