Беларуская Служба

Не менш за 360 тысяч чалавек эвакуявалі з Рафаха на мяжы сектара Газа і Егіпта

13.05.2024 15:23
Не менш за 360 тысяч чалавек эвакуявалі з горада Рафах, размешчанага на мяжы сектара Газа і Егіпта.
Strefa Gazy zbombardowana przez Izrael
Strefa Gazy zbombardowana przez IzraelShutterstock/ Anas-Mohammed

У горадзе, размешчаным на паўднёвым ускрайку сектара Газа, дзе да кастрычніка мінулага года жылі больш за 200 000 чалавек, з пачатку вайны таксама знайшлі прытулак больш за мільён бежанцаў з поўначы сектара Газа, паведамляе ААН.

Ізраільскае войска, якое ваюе ў паўанклаве супраць тэрарыстычнага ХАМАСу, некалькі дзён таму папярэдзіла жыхароў Рафаха аб намеры ўвайсці ў горад з наступам і выдала загад наконт эвакуацыі з усходніх і цэнтральных раёнаў. На думку Ізраіля, Рафах з'яўляецца апошнім бастыёнам, дзе батальёны ХАМАС яшчэ цэлыя і ў поўным узбраенні, а сетка падземных бетонных тунэляў застаецца некранутай.

Аднак ЗША папярэджваюць, што поўнамаштабнае наступленне ў Рафаху, падчас якога грамадзянскія асобы апынуцца ў вялікая небяспецы, паставіць пад пагрозу шанцы на спыненне агню і больш шырокае мірнае пагадненне. У нядзелю дзяржсакратар Энтані Блінкен паўтарыў  пазіцыю ЗША наконт наступу, папярэдзіўшы ў інтэрв'ю CBS, што Ізраіль можа сутыкнуцца з «працяглым паўстаннем».

Блінкен абмеркаваў аперацыю ў Рафаху з міністрам абароны Ізраіля Ёавам Галантам, паведамляе Reuters. У ізраільскім міністэрстве заявілі, што размова тычылася «дакладнай аперацыі» ў горадзе, а таксама ўзяцця Ізраілем пад кантроль памежнага пераходу ў Рафаху на мінулым тыдні. Ізраіль неаднаразова папярэджваў, што пераход, які кантралюецца егіпецкімі сіламі, негерметычны і што праз яго ў Газу могуць трапіць як зброя, так і людзі.

Як паведамілі ў панядзелак Нацыянальныя навіны Ізраіля, ЗША прымусілі Ізраіль перадаць кантроль над гэтым памежным пераходам Палестынскім уладам, якія, аднак, адмовіліся ўзяць на сябе як пераход, так і часткі тэрыторыі Газы, «падкантрольныя ізраільскай арміі».

Sky News Arabic паведаміла, што ўлады будуць гатовыя ўзяць на сябе кантроль над пераходам у Рафаху толькі ў тым выпадку, калі ўзгодняць з Ізраілем план, які прывядзе да стварэння палестынскай дзяржавы.

Баі таксама працягваюцца на поўначы сектара, у тым ліку ў горадзе Газа, дзе армія атакавала раней зачышчаныя раёны, дзе некаторыя баевікі ХАМАС павінны былі перагрупавацца.

Вайна ў сектары Газа, якая пачалася ў кастрычніку мінулага года з нападу тэрарыстычнай арганізацыі ХАМАС на Ізраіль і выкрадання больш за 240 закладнікаў, дагэтуль забрала больш за 35 000 жыццяў, паводле падлікаў міністэрства аховы здароўя ў сектары Газа. У сваёй статыстыцы міністэрства не робіць розніцы паміж ахвярамі сярод грамадзянскага насельніцтва і членамі палестынскіх груповак, якія загінулі ў баях.

PAP/вх