Беларуская Служба

Парламент Грузіі прыняў законапраект аб «інаагентах»

14.05.2024 16:41
Тым часам у цэнтры Тбілісі  не спыняюцца масавыя акцыі пратэсту супраць гэтага закону. 
Ілюстрацыя Фота: MD_Photography / Shutterstock

Парламент Грузіі ў аўторак, 14 траўня, прыняў у трэцім і канчатковым чытанні спрэчны законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву». Каб закон уступіў у сілу, яго павінна падпісаць прэзідэнтка краіны Саламе Зурабішвілі. Яна абяцала заблакаваць дакумент, выкарыстаўшы сваё права вета, аднак гэта не перашкодзіць кіруючай у Грузіі партыі «Грузінская мара» прыняць закон. Парламент можа прагаласаваць за абыход прэзідэнцкага вета.

Прэм'ер-міністр Грузіі Іраклій Кабахідзэ сцвярджае, што спрэчны законапраект падтрымліваецца большасцю грамадзян, а «сцэнар «майдана» ў Грузіі немагчымы», паколькі «палітычная меншасць не мае рэсурсаў для змены ўлады». Пры гэтым дзясяткі тысяч грамадзян Грузіі амаль месяц пратэстуюць супраць аналага расійскага закона аб «інаагентах». Дэманстранты патрабуюць адклікаць законапраект, які лічаць навязаным Крамлём.

Тым часам у цэнтры Тбілісі  не спыняюцца масавыя акцыі пратэсту супраць гэтага закону. З раніцы да будынка грузінскага парламента прыйшлі тысячы пратэстуючых, да іх далучыліся студэнты дзясяткаў ВНУ краіны, якія раней заявілі аб правядзенні ў сталіцы масавай забастоўкі.

iar/dw/эж