Беларуская Служба

Неўзабаве ў сектар Газа марскім шляхам пачне паступаць больш гуманітарнай дапамогі

17.05.2024 08:24
Пентагон завяршыў будаўніцтва спецыяльнага плывучага марскога пірса. Гэта дазволіць абысці ізраільскую сухапутную блакаду.
       .
Дым над сектарам Газа ў выніку ізраільскага абстрэлу.Фота: PAP/EPA/ATEF SAFADI

На працягу некалькіх дзён да берагоў сектара Газа пачне прыбываць дапамога. Больш за 2 мільёны чалавек пакутуюць ад голаду і недахопу вады. У Газе заканчваюцца запасы паліва, якія маюць вырашальнае значэнне для размеркавання ўсёй гуманітарнай дапамогі.

Гуманітарная дапамога будзе накіроўвацца на Кіпр, дзе яна пройдзе праверку ў порце Ларнакі. Затым на караблях яе даставяць на ўзбярэжжа сектара Газа. Там яе перагрузяць на грузавікі. Аперацыю будзе каардынаваць Сусветная харчовая праграма.

Першы грузавы карабель пакінуў Кіпр на мінулым тыдні. Груз быў перададзены на ваенны карабель ЗША ля берагоў Газы. Паводле планаў, на пачатку штодзённа будуць раздаваць дапамогу з 90 грузавікоў, пазней - са 150 машын. Па словах арганізацый дапамогі, гэта толькі малая частка патрэб, неабходна адкрыць наземныя калідоры.

Злучаныя Штаты цесна супрацоўнічаюць з Ізраілем, каб гарантаваць абарону гуманітарных судоў і персаналу. Іх прадстаўнікі, аднак, падкрэсліваюць, што сітуацыя складаная і існуюць праблемы з атрыманнем адпаведных дазволаў на дзейнасць у энклаве. З-за ваеннай дзейнасці Ізраіля гуманітарныя супрацоўнікі таксама не адчуваюць сябе ў бяспецы.

Праект пірса каштаваў 320 мільёнаў долараў. Гэта была ініцыятыва прэзідэнта ЗША Джо Байдэна. Такім чынам ён хацеў дапамагчы палесцінцам, якія ўжо некалькі месяцаў пакутуюць ад ізраільскіх абстрэлаў, а блакады памежных пераходаў ускладняюць дастаўку гуманітарных грузаў. Крызіс у сектары Газа паглыбляецца. Пасля таго, як ізраільскія войскі пачалі сутыкненні з палесцінцамі на ўскраінах паўднёвага гораду Рафах і аднавілі баявыя дзеянні на поўначы краіны, яшчэ 700 тысяч чалавек пакінулі свае дамы.

IAR/нг