Беларуская Служба

Эксперт «Bild»: Іран упершыню паставіў Расіі новыя авіябомбы

28.05.2024 17:44
Паводле ацэнкі Джуліяна Ропкэ, зброевая падтрымка Іранам Расіі цяпер выйшла на «новы ўзровень».
ХаркаўPAP/Mykola Kalyeniak

Джуліян Ропкэ, эксперт нямецкай штодзённай газеты «Bild», паведаміў, што Іран упершыню перадаў Расіі найноўшыя кіраваныя авіябомбы Qaem-5, якія будуць выкарыстоўвацца для нападу на Украіну. Паводле ацэнкі Ропкэ, зброевая падтрымка Іранам Расіі цяпер выйшла на «новы ўзровень».

Ропкэ апублікаваў на платформе X запіс з фотаздымкамі беспілотніка Mohajer-6, які разбіўся ў Курскай вобласці Расіі, недалёка ад мяжы з Украінай. Паводле яго, гэта азначала б, што Іран упершыню перадаў Расіі найноўшыя кіраваныя бомбы, якія будуць выкарыстаныя для ўдару па Украіне. Іранская армія прыняла гэтую зброю на ўзбраенне ў 2019 годзе, паведамляе ў панядзелак «Bild» на сваім рускамоўным Telegram-канале.

Нямецкія СМІ звярнулі ўвагу на тое, што беспілотнікі Mohajer-6 некаторы час выкарыстоўваліся падчас вайны ва Украіне. «Пасля пакупкі Расіяй невядомай колькасці іранскіх беспілотнікаў іх рэгулярна заўважаюць над Украінай. Адзін такі беспілотнік быў, напрыклад, збіты над Крымам у ліпені 2023 года, а (іншы) быў перахоплены пад Адэсай у першыя месяцы вайны«, – чытаем на сайце штодзённіка «Muenchner Merkur».

Па дадзеных іранскіх крыніц, бомба Qaem, скінутая з вышыні ад 1,2 да 3 км, можа дакладна паразіць мэту ў любых умовах надвор'я. Яна мае радыус дзеяння ад 12 да 40 км. Qaem з боегалоўкай важыць каля 20 кг.

ав