Пасля амаль сямі гадоў Еўракамісія афіцыйна спыніла працэдуру супраць Польшчы па справе вяршэнства права. Гаворка ідзе пра працэдуру, прадугледжаную артыкулам 7-м Дамовы аб ЕС, якая была ўзбуджаная супраць Польшчы ў сувязі з абвінавачваннямі ў адсутнасці незалежнасці сістэмы правасуддзя. Прэс-сакратар Камісіі Эрык Мамер абвясціў рашэнне камісараў:
- Камісія лічыць, што сурʼёзнай пагрозы для вяршэнства права ў Польшчы больш няма. Таму адклікала заяўку, якая ініцыявала гэтую працэдуру ў 2017 годзе(…) Камісія праінфармавала аб сваім рашэнні Еўрапейскі савет і Еўрапейскі парламент.
Еўракамісія абвясціла аб намеры спыніць працэдуру супраць Польшчы ў пачатку гэтага месяца, а на мінулым тыдні атрымала зялёнае святло ад краін ЕС.
Камісія прызнае, што ў Польшчы ўведзены не ўсе змены, але лічыць, што прынятыя дагэтуль дзеянні дазваляюць закрыць працэдуру.
Брусель спасылаецца на польскі план рэформаў, які тычыцца, між іншым, Нацыянальнай судовай рады, Канстытуцыйнага суда, а таксама раздзялення функцыяў міністра юстыцыі і генпракурора.
Каб пераканаць Еўракамісію спыніць працэдуру, Польшча далучылася да Еўрапейскай пракуратуры і абвясціла аб прызнанні рашэнняў Суда Еўрасаюза.
IAR/аз