Амаль тры мільёны долараў – за столькі прадалі на аўкцыёне гітару гурта The Beatles. «Вялікая чацвёрка» карысталася ёй, запісваючы альбомы «Rubber Soul» і «Help». Затым інструмент быў згублены больш чым на 50 гадоў.
Ніколі ў гісторыі ні адзін інструмент, на якім гралі члены гурта, не прадалі за такую высокую суму. Калі інструмент быў знойдзены, трэба было правесці дакладнае даследаванне, ці ён арыгінальны.
Джон Ленан купіў гітару ў 1964 годзе. Неўзабаве пасля запісу альбома Rubber Soul ён падарыў інструмент Гордану Уолеру з ангельска-шатландскага дуэта Peter & Gordon. Той перадаў яе свайму кіраўніку, які паклаў інструмент на гарышча і, магчыма, забыў пра яго. Нядаўна падчас пераезду сын знайшоў на гарышчы гітару. Яна была выстаўлена на аўкцыён, дзе дасягнула цаны ў два мільёны 857 з паловай тысяч долараў. Продаж прайшоў у інтэрнэце.
Фанаты The Beatles, якія не скардзяцца на недахоп грошай, таксама маглі пазмагацца за тэлефон, якім Джон Ленан і Ёка Она карысталіся падчас так званай «пасцельнай акцыі», калі пара правяла тыдзень у ложку ў гатэлі, заклікаючы да міру. Менавіта тады быў напісаны пацыфісцкі гімн «Give Peace a Chance». Цана апарату дайшла да 16 250 долараў ЗША.
IAR/нг