Беларуская Служба

Расiя заяўляе пра «крокі ў адказ» адносна польскіх дыппрадстаўніцтваў

31.05.2024 10:03
Гэта адказ на абмежаванні адносна правілаў перамяшчэння расійскіх дыпламатаў па тэрыторыі Польшчы.
-
Прэс-сакратар расійскага МЗС Марыя ЗахараваShutterstock/Nikolay Androsov

Міністэрства замежных спраў Расіі паведаміла, што «прыме захады ў адказ» супраць польскай амбасады ў Маскве і генконсульстваў у Іркуцку, Калінінградзе і Санкт-Пецярбургу. Заявіла аб гэтым у чацвер прэс-сакратар расійскага МЗС Марыя Захарава.

Гэта адказ на абмежаванні адносна правілаў перамяшчэння расійскіх дыпламатаў па тэрыторыі Польшчы.

Паводле яе слоў, 28 траўня амбасада Расіі ў Варшаве атрымала ноту аб тым, што з 1 чэрвеня расійскі бок павінен загадзя інфармаваць МЗС Польшчы аб планах выезду супрацоўнікаў расійскіх дыпламатычных прадстаўніцтваў за мяжу ваяводстваў, у якіх знаходзяцца гэтыя дыппрадстаўніцтвы. Гэтае патрабаванне не распаўсюджваецца на амбасадара, генеральных консулаў і кіраўніка консульскага аддзела пасольства.

Захарава паведаміла, што патрабаванне распаўсюджваецца на супрацоўнікаў амбасады Расіі ў Варшаве і генеральных консульстваў у Гданьску, Кракаве і Познані. МЗС Польшчы патрабуе загадзя ведаць прозвішчы людзей, даты, мэты і маршрут іх паездкі і транспартны сродак, на якім яны плануюць перамяшчацца.

Раней міністр замежных справаў Радаслаў Сікорскі заявіў, што абмежаванні, уведзеныя супраць расійскіх дыпламатаў, звязаныя з падазрэннем іх у датычнасці да нядаўніх дыверсійных дзеянняў, якія адбыліся ў Польшчы.

яс/PAP