Беларуская Служба

Польскія ўлады занепакоеныя рашэннямі адносна польскіх школ у Літве

06.06.2024 14:05
Пра гэта прадстаўніца польскага МЗС размаўляла з прадстаўнікамі польскай дыяспары і з віцэ-міністрам адукацыі Літвы.
Сцяг Літвыjorono/pixabay.com/CC0 Public Domain

Улады Тракайскага рэгіёна Літвы хочуць ліквідаваць польскія навучальныя ўстановы ў Старых Троках і Палукнях. Польшча занепакоеная планамі тракайскага самакіравання.

Намесніца міністра замежных спраў Польшчы Генрыка Масціцка-Дэндыс(Henryka Mościcka-Dendys) сустрэлася з прадстаўнікамі польскай дыяспары ў Літве. Яна падкрэсліла, што за 30 гадоў пасля падпісання польска-літоўскай дамовы аб сяброўскіх адносінах і добрасуседстве сітуацыя палякаў палепшылася, але шмат пытанняў яшчэ трэба высветліць:

- Пытанні, звязаныя з абаронай правоў меншасцяў, да гэтага часу не рэалізуюцца ў поўнай меры, нягледзячы на палажэнні дамовы. Я запэўніла прадстаўнікоў польскай меншасці, што мы будзем падымаць гэтае пытанне.

Пра гэта Генрыка Масціцка-Дэндыс размаўляла таксама ў Вільні з віцэ-міністрам адукацыі Літвы.
Мэта візіту польскай дэлегацыі ў Літву – азнаямленне з дзейнасцю польскіх арганізацый і польскімі праектамі, якія рэалізуюцца ў гэтай краіне.

Палякі ў Літве – самая вялікая меншасць у краіне. Яны складаюць прыкладна 6,5 працэнта літоўскага грамадства. Паводле апошняга перапісу насельніцтва, у Літве жыве амаль 200 тысяч палякаў, якія з’яўляюцца грамадзянамі Літвы.

IAR/аз