Беларуская Служба

Вайсковая разведка Украіны: У Расіі знішчаны суперсучасны самалёт Су-57

09.06.2024 11:10
«Удар па Су-57 – першы падобны выпадак у гісторыі»
Харкаўская вобласць Украіны PAP/EPA/SERGEY KOZLOV

Самы перадавы расійскі ваенны самалёт Су-57 Фелон быў знішчаны ў выніку атакі на аэрапорт у Ахтубінску Астраханскай вобласці, паведаміла ў нядзелю ўкраінская ваенная разведка.

«Удар па Су-57 – першы падобны выпадак у гісторыі», – гаворыцца ў паведамленні.
Машына была знішчана ў суботу. Ахтубінск знаходзіцца ў 589 км ад лініі фронту.

Украінцы паказалі два спадарожнікавыя здымкі ахтубінскага аэрапорта. На фота ад 7 чэрвеня бачны ўвесь самалёт, а на фота, зробленым днём пазней побач з машынай, бачныя «расколіны, якія засталіся ад выбухаў, і характэрныя плямы пасля ўзгарання, выкліканага трапленнем», растлумачылі.

У выведцы падкрэслілі, што Су-57 з'яўляецца самым сучасным самалётам паветрана-касмічных сіл Расіі, здольным несці ракеты Х-59 і Х-69.

Мінабароны Вялікабрытаніі летась ацаніла, што Су-57 Фелон выкарыстоўваўся ў вайне ва Украіне, але ў абмежаванай ступені, бо прыярытэтам для расійскіх ВПС зʼяўляецца пазбяганне яго страты.

Брытанцы паведамілі, што гэта самы дасканалы расійскі звышгукавы баявы самалёт пятага пакалення, які выкарыстоўвае стэлс-тэхналогіі і высокаразвітую авіёніку. Яны таксама лічылі, што місіі з выкарыстаннем гэтай машыны, верагодна, абмяжоўваюцца палётам над тэрыторыяй Расіі і стральбой адтуль ракетамі класа «паветра-зямля» або «паветра-паветра» далёкага радыусу дзеяння па Украіне.

ав