Беларуская Служба

Некалькі краін цікавяцца арэндай эстонскіх турмаў

09.07.2024 17:00
Летась эстонскія СМІ паведамлялі, што ў арэндзе турмаў у Эстоніі зацікаўленая Вялікабрытанія.
Ілюстрацыйнае фотаpatrick489/pixabay.com/CC0 Public Domain

Міністэрства юстыцыі Эстоніі паведамляе, што некалькі краінаў выказалі зацікаўленасць у арэндзе турмаў у Эстоніі. Дэталі не паведамляюцца, але ў ведамстве падкрэсліваюць, што ў апошнія гады колькасць зняволеных у эстонскіх турмах змяншаецца.

З-за меншай колькасці зняволеных Мінюст Эстоніі мусіць шукаць ашчаднасцяў у працы турмаў. Адным з варыянтаў захавання занятасці ў турэмнай сістэме зʼяўляецца арэнда турэмных памяшканняў іншым краінам.

Грамадскае тэлебачанне Эстоніі паведамляе, што некалькі краінаў Еўропы выкарыстоўваюць такую практыку, і прыводзіць прыклад Даніі, якая выкарыстоўвае турмы ў Косаве. Аднак у Эстоніі няма адпаведных правілаў, якія б гэта рабілі магчымым, таму ўрад павінен прыняць адпаведныя пастановы.

Тэма не новая, бо летась эстонскія СМІ паведамлялі, што Вялікабрытанія зацікаўленая ў арэндзе турмаў, аднак пакуль дамова на гэты конт не была дасягнутая.

IAR/аз