Беларуская Служба

Высокапастаўленыя прадстаўнікі ўлады Італіі сварацца з-за дапамогі Украіне

13.07.2024 16:54
Прэмʼер-міністр заявіла, што яна ганарыцца ваеннай дапамогай.
.   .
Ілюстрацыя. Сталіца Італіі Рым. Фота: Pixabay.com / Kookay

У Італіі ва ўрадавай кааліцыі назіраюцца рознагалоссі па пытанні дапамогі Украіне. Падчас саміту НАТА ў Вашынгтоне прэм'ер-міністр Джорджа Мелоні заявіла, што Італія перадасць Украіне сістэму супрацьпаветранай абароны. Супраць гэтага выступае Ліга віцэ-прэмʼера і міністра інфраструктуры Матэа Сальвіні, якая ўваходзіць у кіроўную кааліцыю Італіі. Перадае карэспандэнт Польскага радыё.

- Прэмʼер-міністр Мелоні заявіла, што яна ганарыцца ваеннай дапамогай, якую Італія аказвае Украіне. Матэа Сальвіні адказаў, што чым больш зброі атрымае Украіна, тым даўжэй будзе доўжыцца вайна, падчас якой гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі. Намеснік кіраўніка Лігі Андрэа Крыпа заявіў, што, на яго думку, ракеты не зʼяўляюцца абарончай зброяй, таму ён выступае супраць перадачы Італіяй сістэмы СПА Украіне. Абодва палітыкі падкрэслілі, што замест адпраўкі зброі ва Украіну, трэба засяродзіцца на мірных перамовах з Расіяй. Прэмʼер-міністр Мелоні адзначыла, што прэзідэнт Пуцін не хоча міру і Італія працягне падтрымліваць Украіну. Калі б Ліга выйшла з кааліцыі, што, на думку каментатараў, малаверагодна, урад страціў бы большасць у парламенце.

Пётр Кавальчук, Рым

нг