Урад Канады абвясціў, што збіраецца набыць 12 субмарын, здольных працаваць пад арктычным ільдом. Атава імкнецца палепшыць марскую бяспеку ў рэгіёне, які хутка набывае стратэгічнае значэнне ва ўмовах змены клімату.
Чакаецца, што пакупка аслабіць нарастаючы ціск на Канаду – аднаго з членаў НАТА з найменшымі выдаткамі – з патрабаваннем выканаць абавязацельствы альянсу выдаткоўваць на абарону 2% ВУП.
«Як краіне з самай доўгай берагавой лініяй у свеце, Канада мае патрэбу ў новым флоце падводных лодак», – заявіў у міністр абароны Канады Біл Блэр на саміце НАТА ў Вашынгтоне.
«Новы флот Канады павінен забяспечыць унікальную камбінацыю патрабаванняў, каб Канада магла выяўляць, адсочваць, стрымліваць і, пры неабходнасці, перамагаць праціўнікаў ва ўсіх трох акіянах Канады, уносячы значны ўклад у саюзніцкія праекты і дазваляючы ўраду Канады разгарнуць гэты флот у розных кропак свету для падтрымкі нашых партнёраў і саюзнікаў».
Канада, ЗША і Фінляндыя таксама выступілі з сумеснай заявай аб будаўніцтве ледаколаў для арктычнага рэгіёну. Пагадненне таксама прадугледжвае абмен інфармацыяй аб вытворчасці палярных ледаколаў, што дазваляе рабочым і спецыялістам з кожнай краіны праходзіць навучанне на верфях ва ўсіх трох краінах, а таксама дапамогу ў закупцы саюзнікамі палярных ледаколаў у Амерыцы, Фінляндыі або на канадскіх верфях для ўласных патрэб.
Прэмʼер-міністр Канады Джасцін Трюдо абвясціў у Вашынгтоне, што яго ўрад падпісаў «трохбаковы ліст аб намерах з Германіяй і Нарвегіяй аб стварэнні стратэгічнага партнёрства, накіраванага на ўмацаванне супрацоўніцтва ў галіне марской бяспекі ў Паўночнай Атлантыцы ў падтрымку стрымлівання і абароны НАТА».
Некалькі краін павялічваюць свой ваенны і камерцыйны патэнцыял у Арктыцы, паколькі раставанне лёду робіць навігацыю і нафтахімічную разведку ў Паўночным Ледавітым акіяне больш практычнымі. Марскі шлях праз арктычнае ўзбярэжжа Расіі абяцае забяспечыць больш кароткі марскі шлях паміж Кітаем і Еўропай.
Нягледзячы на аддаленасць Кітая ад Паўночнага Ледавітага акіяна, Пекін назваў сябе «прыарктычнай краінай», каб паспрабаваць адстойваць свае правы ў рэгіёне.
voa/pap/эж