Беларуская Служба

СМІ: магчымы абмен палоннымі з удзелам Расіі, ЗША, Германіі і Беларусі

31.07.2024 19:08
У бліжэйшы час можа адбыцца абмен палоннымі з удзелам Расіі, ЗША, Германіі і Беларусі – паведаміў у сераду партал тэлеканала N1, які вяшчае на балканскія краіны, са спасылкай на ананімныя крыніцы.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock

Як тлумачыць AFP, сігналы з Расіі адносна палітвязняў у пэўнай ступені пацвярджаюць гэтыя паведамленні.

Інфармацыя аб абмене палоннымі, якую перадае N1, з'явілася ў той час, калі суд у Славеніі прысудзіў да турэмнага зняволення пару расійскіх шпіёнаў, якія працуюць на Службу знешняй разведкі (СВР). «Абвінавачаныя, якія назвалі сябе Людвігам Гішам і Марыяй Розай Майер Мунас, прызналі сябе вінаватымі» і былі прысуджаныя да «шпіянажу і падробкі дакументаў», – гаворыцца ў заяве суда.

Шпіёны жылі ў Славеніі ў 2017 годзе і выкарыстоўвалі аргентынскія пашпарты. Каб замаскіраваць сапраўдную мэту сваёй прысутнасці, Мунас адкрыла мастацкую анлайн-галерэю, а яе партнёр Гіш кіраваў IT-кампаніяй.

Як паведамляе сайт N1, асуджаныя шпіёны, захопленыя ў снежні 2022 года, павінны прыняць удзел у больш маштабным абмене, які павінен адбыцца ў бліжэйшыя гадзіны. У гэтым праекце возьмуць удзел Расія, ЗША, Германія і Беларусь, паведаміла Балканскае тэлебачанне.

За апошнія дні з папраўчых калоніяў і следчых ізалятараў Расіі ў невядомым кірунку былі вывезеныя як мінімум пяць апазіцыянераў, у тым ліку: Ільля Яшын, а таксама грамадзянін з расійскім і нямецкім пашпартамі і актывіст, які абвінавачваецца ў супрацоўніцтве з Украінай, паведамляюць AFP і Reuters.

AFP звярнула ўвагу на тое, што і Масква, і Вашынгтон пацвердзілі, што вядуць перамовы аб абмене Эвана Гершковіча, карэспандэнта амерыканскай газеты Wall Street Journal, які ў ліпені быў асуджаны ў Расіі на 16 гадоў пазбаўлення волі. Уладзімір Пуцін дапусціў, што расійскі бок можа абмяняць яго на забойцу і шпіёна Вадзіма Красікава, які адбывае пажыццёвае зняволенне ў Германіі.

PAP/вх