На борце самалёта, які вылецеў з Анкары, дзе адбыўся абмен, знаходзіліся: асуджаны ў Расіі за нібыта шпіянаж карэспандэнт Wall Street Journal Эван Гершковіч, былы амерыканскі вайсковец Пол Уілан, таксама асуджаны за шпіянаж, і журналістка Алсу Курмашава.
Амерыканцаў, вызваленых у выніку найбуйнейшага абмену палоннымі паміж Расіяй і Захадам пасля заканчэння халоднай вайны, віталі ў аэрапорце прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і віцэ-прэзідэнт Камала Харыс.
Паводле паведамленняў амерыканскіх СМІ, прэзідэнт Байдэн цёпла абняў Гершковіча па прыбыцці.
32-гадовы Эван Гершковіч, карэспандэнт Wall Street Journal, асуджаны ў Расіі на 16 гадоў турмы за шпіянаж. Сам журналіст, рэдакцыя «WSJ» і ўлады ЗША заяўляюць, што ён невінаваты і выконваў звычайныя абавязкі карэспандэнта, афіцыйна акрэдытаванага МЗС Расіі.
54-гадовы Пол Уілан, былы вайсковец арміі ЗША, асуджаны ў Расіі ў 2020 годзе на 16 гадоў турмы таксама за нібыта шпіянаж, сцвярджае, што абвінавачванні супраць яго сфабрыкаваныя.
47-гадовая Алсу Курмашава, журналістка Радыё Свабодная Еўропа (RWE), затрыманая ў 2023 годзе ў Казані, адбывала ў Расіі 6,5 гадоў калоніі. Журналістка мае падвойнае грамадзянства Расіі і ЗША, яе абвінавацілі ў нерэгістрацыі ў якасці «замежнага агента» і распаўсюдзе ілжывай інфармацыі пра расійскіх вайскоўцаў.
У аперацыі па абмене ўдзельнічалі 24 чалавекі, якія знаходзіліся ў турмах сямі краін, у тым ліку Польшчы, і двое дзяцей. Паводле турэцкіх уладаў, 10 чалавек, у тым ліку двое непаўналетніх, былі адпраўленыя ў Расію, трынаццаць — у Нямеччыну, трое — у ЗША. Абмен ахапіў людзей, якія адбывалі зняволенне ў ЗША, Германіі, Польшчы, Славеніі, Нарвегіі, Расіі і Беларусі.
PAP/вх