Вызвалены ў чацвер у рамках абмену палоннымі паміж Расіяй і Захадам расійскі праваабаронца Алег Арлоў заявіў, што не прасіў аб памілаванні ва Уладзіміра Пуціна, паведамляе незалежны расійскі сайт «Медуза».
«Я не лічу сябе вінаватым. Па якім артыкуле я буду прасіць памілавання ў прэзідэнта, калі мяне пасадзілі за тое, што я выкарыстоўваў свае законныя правы на свабоду слова?» — распавёў «Медузе» 71-гадовы Арлоў.
Партал адзначыў, што пасля абмену паміж Расіяй і краінамі Захаду ў чацвер высветлілася, што расійскім палітвязням прапанавалі прасіць Пуціна аб памілаванні. Апазіцыйныя палітыкі Уладзімір Кара-Мурза і Ілля Яшын адмовіліся пісаць такі дакумент. У сваю чаргу мастачка Аляксандра Скачыленка папрасіла прымяніць да яе акт ласкі.
У чацвер Крэмль абвясціў, што вызваленыя ў той дзень 13 зняволеных, у тым ліку двое амерыканцаў, былі памілаваныя ўказам Пуціна.
Арлоў быў адным з заснавальнікаў і сустаршынёй забароненай уладамі вядомай грамадскай арганізацыі «Мемарыял», якая займаецца абаронай правоў чалавека і расследаваннем сталінскіх злачынстваў. У 2022 годзе «Мемарыял» быў удастоены Нобелеўскай прэміі міру. Як прадстаўнік «Мемарыяла» Арлоў быў назіральнікам падчас узброеных канфліктаў на тэрыторыі былога СССР. З пачатку Другой чачэнскай вайны кіраваў дзейнасцю «Мемарыяла» на расійскім Паўночным Каўказе, у тым ліку ў Чачні.
ав