Беларуская Служба

ААН патрабуе спынення агню ў сектары Газы, каб прышчапіць дзяцей

16.08.2024 15:11
Прышчэпачная кампанія пройдзе ў канцы жніўня і ў верасні.
.
. PAP/EPA/MOHAMMED SABER

Два буйныя агенцтвы ААН, Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) і ЮНІСЭФ, у пятніцу запатрабавалі «сямідзённай гуманітарнай паўзы» ў баях у Газе, каб у бліжэйшыя тыдні зрабіць прышчэпкі больш чым 640 тысячам дзяцей да 10 гадоў ад поліяміеліту.

Абодва агенцтвы ААН «заклікаюць усе бакі канфлікту ўвесці гуманітарную паўзу ў сектары Газа на сем дзён, каб дазволіць зрабіць дзве серыі вакцынацый» супраць поліяміеліту, гаворыцца ў заяве.

Прышчэпачная кампанія пройдзе ў канцы жніўня і ў верасні.

Дагэтуль у палесцінскім паўанклаве не было зарэгістравана ніякіх інфекцый, і ніхто не захварэў, але без прыняцця "неадкладных мер" інфекцыі адбудуцца, "гэта толькі пытанне часу", - папярэдзіў кіраўнік СААЗ Тэдрас Аданом Гебрэйэс пад канец ліпеня.

У ліпені ізраільскія навукоўцы паведамілі аб выяўленні віруса і сцвярджалі, што для эфектыўнага правядзення масавай кампаніі вакцынацыі неабходна як мага хутчэй заключыць перамір'е ў сектары Газа, дзе ідзе вайна паміж палестынскай тэрарыстычнай арганізацыяй ХАМАС і Ізраілем. Яны сцвярджалі, што ўспышкі поліяміеліту неаднаразова адбываліся падчас узброеных канфліктаў і крызісаў, нават у тых краінах, дзе вакцыны практычна ліквідавалі хваробу.

У цяперашні час найбольш уразлівымі да інфекцыі з'яўляюцца дзеці як у сектары Газа, так і дзеці ў Ізраілі, якія яшчэ не былі прышчэплены.

Поліяміеліт, які таксама называюць хваробай Гейне-Медзіны або вострым паралічам, выклікаецца вірусам, які перадаецца фекальна-аральным шляхам і можа прывесці да паралічу, інваліднасці або смерці.

ав