Улады Кабула абвінавачваюць Бэнэта ў «распаўсюдзе прапаганды».
«Паездкі містэра Бенета ў Афганістан былі забароненыя, таму што яму было даручана распаўсюджваць прапаганду ў Афганістане. Яму не давяраем. Ён перабольшваў нязначныя праблемы і распаўсюджваў іх», — заявіў прэс-сакратар урада Забіхула Муджахід, якога цытуе нацыянальная тэлекампанія Tolo News.
Савет па правах чалавека ААН прызначыў Бэнэта маніторцам сітуацыі ў Афганістане пасля таго, як у 2021 годзе талібы захапілі ўладу ў краіне. Пасланнік некалькі разоў наведваў Афганістан і прыйшоў да высноў, што абыходжанне талібаў з жанчынамі і дзяўчынкамі можна расцэньваць як злачынства супраць чалавечнасці.
Але прэс-сакратар урада Забіхула Муджахід запэўніў, што талібы паважаюць правы жанчын - у адпаведнасці з іх уласнай інтэрпрэтацыяй ісламскага права і мясцовых звычаяў.
У пачатку 2022 года група з 36 экспертаў ААН па правах чалавека заявіла, што лідары талібаў сістэматычна выключаюць жанчын з грамадскага жыцця ў Афганістане і ўжываюць супраць іх інстытуцыянальны гвалт. Асаблівую занепакоенасць арганізацыі выклікае тое, што жанчыны не могуць атрымліваць адукацыю пасля пачатковага ўзроўню.
Пасля трох гадоў кіравання ў Афганістане Талібан не быў афіцыйна прызнаны ніводным замежным урадам. Як падкрэслівалі ў МЗС заходніх краін, шлях да іх прызнання застанецца закрытым, пакуль Кабул не зменіць падыход да правоў жанчын. З таго часу, як талібы прыйшлі да ўлады, афганскія жанчыны не мелі доступу да сярэдніх школ і ўніверсітэтаў, заканчваючы фармальную адукацыю ў шостым класе пачатковай школы. Жанчынам перашкаджаюць або не дазваляюць знаходзіцца ў грамадскіх месцах. Калі яны хочуць выбрацца ў дарогу, даўжэйшую, чым на 72 км, яны павінны ехаць з «апекуном» — сваяком мужчынскага полу.
Мінулым летам агенцтва паведамлялі, што ўлады загадалі закрыць усе салоны прыгажосці. Талібы, якія выступаюць за строгае аддзяленне жанчын ад мужчын з кола не сваякоў, таксама закрылі жанчынам доступ амаль да ўсяго рынку працы.
Актывы цэнтральнага банка Афганістана былі замарожаныя, і многія высокапастаўленыя чыноўнікі Талібану падпадаюць пад абмежаванні на паездкі, уведзеныя ААН.
Арганізацыя спрабуе выпрацаваць адзіную міжнародную пазіцыю ў адносінах да ўладаў у Кабуле. У чэрвені вышэйшыя службовыя асобы ААН і пасланнікі з 25 краін правялі перамовы з талібамі ў Катары, што выклікала крытыку з боку праваабарончых груп. На сустрэчу не былі запрошаныя ні афганскія жанчыны, ні прадстаўнікі афганскай грамадзянскай супольнасці.
PAP/вх