Беларуская Служба

Напад на фестывалі ў Германіі. Тры чалавекі загінулі, чатыры ў цяжкім стане

24.08.2024 12:57
На фестывалі ў нямецкім горадзе Золінген невядомы напаў на людзей з нажом. Паліцыя кажа пра тэракт. Тры чалавекі загінулі, яшчэ чацвёра знаходзяцца ў цяжкім стане. Зламысніку ўдалося ўцячы.
          .
На фестывалі ў нямецкім Золінгене невядомы напаў на людзей з нажом.PAP/EPA/CHRISTOPHER NEUNDORF

Увечары ў пятніцу ў Золінгене ў Паўночным Рэйне-Вестфаліі (гэта недалёка ад Дзюсельдорфа) праходзіў фестываль з нагоды 650-годдзя горада. Напад адбыўся падчас канцэрту на рынкавай плошчы Фронхоф.

Тры чалавекі загінулі і чацвёра атрымалі цяжкія раненні, пацвердзіла прэс-сакратар паліцыі ў Дзюсельдорфе.

Пошукі зламысніка, якому ўдалося ўцячы з месца злачынства, працягваюцца. У пошуках задзейнічаны верталёты. У Золінгене ўсталяваныя блок-пасты. Збіраецца інфармацыя ад удзельнікаў мерапрыемства, якія бачылі, як мужчына ўцякаў. Паліцыя расцэньвае здарэнне як тэракт. 

Па паведамленнях відавочцаў, падчас свята на плошчы ў цэнтры горада мужчына арабскай знешнасці напаў на людзей ля сцэны, паведамляе Bild. Паліцыя пакуль не пацвярджае апісанне злачынцы.

Горад Золінген у гэтыя выходныя адзначае свой 650-ы дзень нараджэння "Фестывалем разнастайнасці". Фестываль, які пачаўся ў пятніцу і павінен быў працягвацца да нядзелі. Цэнтр горада цяпер закрыты. Там працуюць паліцыя і пракуроры. Раён, дзе адбыўся напад, ахоўваюць супрацоўнікі са зброяй.

IAR/PAP/вх