У Вільні ўлады вырашылі навесці парадак ды прыбраць нелегальна намаляваныя графіці на сценах будынкаў. Малюнкі, якія знявечваюць гарадскія і жылыя дамы, будуць выдаляцца. Таксама ўлады абвяшчаюць барацьбу з тымі, хто ў будучым такім чынам хоча псаваць гарадскія фасады.
У бліжэйшыя месяцы віленскія ўлады хочуць прыбраць з грамадскай прасторы горада больш за 22 тысячы квадратных метраў незаконных малюнкаў і надпісаў. «Плошча, якая будзе ачышчана, у шэсць разоў большая, чым раней, калі вяліся падобныя працы», — адзначае віленскае самакіраванне.
Кошт работ складзе больш за паўтара мільёна еўра.
Больш за тое, мэр горада Валдас Бенкунскас заявіў, што вандалы надакучылі сталіцы Літвы і яна пачне з імі змагацца. Гэты працэс павінен быць скаардынаваны з супрацоўнікамі паліцыі. Акцэнт трэба рабіць на адсочванні і затрыманні такіх людзей, каб уся супольнасць адчувала ціск і ўсведамляла, што рызыка быць злоўленым высокая.
IAR/вх