У аўторак, 27 жніўня, Малдова адзначае 33-ю гадавіну аднаўлення незалежнасці. Прэзідэнты краін Балтыі прыляцелі ў Кішынёў і запэўнілі ў падтрымцы еўрапейскага шляху краіны.
Святкаванне абвяшчэння незалежнасці ўлады Малдовы пачалі з ускладання кветак да помніка «Журботная маці» ў мемарыяльным комплексе Eternitate. Пазней па ўсёй краіне пройдуць фестывалі і канцэрты, а ўвечары запланаваны гала-канцэрт на цэнтральнай плошчы Кішынёва.
Прэзідэнта краіны на ўрачыстасцях не было. Мая Санду заразілася каранавірусам, але запісала пажаданні суайчыннікам.
«Малдова - наш дом. Мы выбіраем будучыню, мір і дабрабыт. Мы пішам гісторыю! З днём нараджэння, Малдова!», - сказала Мая Санду.
У Кішынёў прыбылі прэзідэнты Літвы, Латвіі і Эстоніі. Кіраўнікі краін Балтыі і прэм'ер-міністр Малдовы Дорын Рэчан, які замяніў Маю Санду на перамовах з еўрапейскімі лідарамі, падпісалі сумесную дэкларацыю, у якой пацвярджаюць падтрымку ўступлення Малдовы ў Еўрапейскі саюз.
Абвяшчэнне незалежнасці Малдовы адбылося 33 таму пасля паразы путчу ГКЧП у Маскве. Малдова, якая змагаецца са шматлікімі праблемамі, некалькі гадоў таму рашуча ўступіла на шлях еўраатлантычнай інтэграцыі. Два месяцы таму Еўрасаюз пачаў перамовы аб далучэнні Малдовы да супольнасці.
20 кастрычніка ў Малдове пройдуць прэзідэнцкія выбары і рэферэндум аб еўрапейскай інтэграцыі. На думку экспертаў, Малдова дазнае небывалую па маштабах расійскую гібрыдную агрэсію, з мэтай перашкодзіць малдаванам на еўрапейскім шляху.
pap/эж