На думку старшыні Еўракамісіі, Заходняй Еўропе ёсць чаму павучыцца ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Падчас форуму Globsec у Празе ў сваёй першай публічнай прамове пасля пераабрання Урсула фон дэр Ляен падкрэсліла важнасць рэгіёну для бяспекі на кантыненце.
Урсула фон дэр Ляен назвала ролю Цэнтральнай і Усходняй Еўропы важнейшай у будучыні Еўрасаюза ў палітычным і стратэгічным плане. Яна згадала Польшчу як адну з найбольш дынамічных эканомік на кантыненце. Яна таксама ацаніла стаўленне краін рэгіёну да расійскай агрэсіі супраць Украіны.
- Вы папярэджвалі пра намеры Пуціна шмат гадоў таму. Трэба было прыслухоўвацца да Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Калі гаворка ідзе пра канкурэнтаздольнасць, Заходняй Еўропе ёсць чаму павучыцца ва Усходу (Еўропы).
Кіраўнік Еўракамісіі заявіла, што ў выніку расійскай агрэсіі былі разбураны не толькі ўкраінскія гарады, але і вера ў трывалы мір у Еўропе.
- На працягу дзясяткаў гадоў многія лічылі, што эканамічная ўзаемазалежнасць дазволіць захаваць мір. Еўропа купляла расійскі газ, які павінен быў гарантаваць, што Масква не распачне новай вайны на старым кантыненце. Гэта была ілюзія.
Старшыня Еўракамісіі падкрэсліла, што НАТА павінна заставацца цэнтрам калектыўнай абароны, але ў той жа час Еўропа павінна ўмацоўваць уласную абараназдольнасць і развіваць ваенна-прамысловы комплекс. Урсула фон дэр Ляен заявіла, што ўваход Украіны ў ЕС – гэта важнейшая мэта. Яна дадала, што на Кіеў нельга ціснуць і толькі ўкраінцы могуць вырашыць, калі пачаць перамовы аб перамір'і з Расіяй.
IAR/нг