Беларуская Служба

У Расію прыедуць прадстаўнікі 30 краін

22.10.2024 08:38
Сёння ў Расіі пачнецца саміт БРІКС. Трохдзённая сустрэча пройдзе ў сталіцы Татарстана Казані.
Ілюстрацыйны здымакEPA/MIKHAIL METZEL / SPUTNIK / Dostawca: PAP/EPA.

Крамлёўскія СМІ паведамлялі, што будуць прысутнічаць прадстаўнікі 30 краін. Незалежныя СМІ нагадваюць, што агрэсарам, які напаў на Украіну, з'яўляецца Расія, а яе лідар Уладзімір Пуцін пераследуецца міжнародным правасуддзем за ваенныя злачынствы.

БРІКС - свабоднае аб'яднанне групы краін на аснове фінансава-эканамічнага супрацоўніцтва. Першапачаткова ў групу ўваходзілі: Бразілія, Расія, Індыя, Кітай і ПАР. Сёлета далучыліся Іран, Егіпет, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты і Эфіопія.

У чарзе — Турцыя і Беларусь. Лідараў гэтых краін чакаюць на саміце ў Казані. Прэзідэнт Бразіліі ўстрымаўся ад асабістага ўдзелу, патлумачыўшы, што ён хворы.

На саміце чакаюцца абмеркаванні сітуацыі на глабальным поўдні, адзінай палітыкі ў дачыненні да ЗША і Еўрасаюза і так званай рэформы ААН. Ці будзе тэма вайны ва Украіне абмяркоўвацца акрамя кулуарных перамоў, невядома.

ПР/юл