Беларуская Служба

Прэмію Сахарава атрымалі лідары ​​венесуэльскай апазіцыі Марыя Карына Мачада і Эдмунда Гансалес Уруціа

24.10.2024 15:54
Гэта найвышэйшая ўзнагарода, якая прысуджаецца ў Еўрасаюзе за заслугі ў барацьбе за правы чалавека і дэмакратыю.
Марыя Карына Мачада і Эдмунда Гансалес УруціаPAP/EPA/MIGUEL GUTIERREZ

Імёны пераможцаў абвясціла на пленарнай сесіі Еўрапарламента ў Страсбургу старшыня Еўрапарламента Раберта Мецола:

- Эдмунда і Марыя працягваюць змагацца за свабодны, справядлівы і мірны пераход улады і бясстрашна абараняюць каштоўнасці, такія каштоўныя для мільёнаў венесуэльцаў і гэтага парламента: справядлівасць, дэмакратыя і вяршэнства закона.

Раберта Мецола дадала, што гэта таксама ўзнагарода для венесуэльскага народа:

- Гэты парламент падтрымлівае народ Венесуэлы, Марыю і Эдмунда ў іх барацьбе за дэмакратычную будучыню сваёй краіны. Гэта іх узнагарода, і мы верым, што Венесуэла і дэмакратыя ў канчатковым выніку перамогуць.

Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 18 снежня на пленарнай сесіі Еўрапарламента ў Страсбургу. Пераможцы таксама атрымаюць 50 000 еўра.

ав