Беларуская Служба

Зяленскі адмовіўся прымаць кіраўніка ААН пасля яго сустрэчы з Пуціным

25.10.2024 15:44
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адмовіўся прыняць генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша ў Кіеве пасля таго, як ён сустрэўся з Уладзімірам Пуціным у кулуарах саміту БРІКС у Казані ў Расіі.
Sekretarz generalny ONZ Antonio Guterres
Sekretarz generalny ONZ Antonio Guterresorhan akkurt / Shutterstock.com

Пра гэта паведамляе AFP са спасылкай на чыноўніка ўкраінскай адміністрацыі.

Прэс-сакратар Гутэрыша падкрэсліў, што падчас сустрэчы з расійскім дыктатарам Гутэрыш  «паўтарыў яму пазіцыю, што расійскае ўварванне ва Украіну з'яўляецца парушэннем міжнароднага права». Аднак, па словах украінскага чыноўніка, якога цытуе AFP, візіт генеральнага сакратара ААН у Казань стаў ударам па «здароваму сэнсу і міжнароднаму праву».

У пятніцу на візіт Гутэрыша адрэагавала кааліцыя ўкраінскіх няўрадавых арганізацый. У заяве, распаўсюджанай у СМІ, актывісты падкрэсліваюць, што Пуцін знаходзіцца ў вышуку паводле ордара на арышт ад Міжнароднага крымінальнага суда, такім чынам, сустрэўшыся з ім, кіраўнік ААН парушыў правілы, устаноўленыя яго ўласнай арганізацыяй, паведамляе сайт Крымскай праваабарончай групы.

Актывісты заклікалі міжнародную супольнасць адрэагаваць, а МУС – адрэагаваць на сустрэчу, якая, як яны адзначылі, «падрывае давер да рашэнняў Міжнароднага крымінальнага суда і расследаванняў найбольш цяжкіх злачынстваў». Актывісты арганізацыі таксама заявілі, што сустрэча Гутэрыша з аб'яўленым у вышук дыктатарам падарвала «давер да ААН як міжнароднага маральнага арыенціра, а таксама годнага даверу і нейтральнага пасярэдніка ў дасягненні трывалага міру, заснаванага на справядлівасці і вяршэнстве закона».

Ва ўкраінскім МЗС адзначылі, што Гутэрыш «адхіліў запрашэнне Украіны на першы Глабальны мірны саміт» у Швейцарыі, але прыняў запрашэнне ў Казань ад «ваеннага злачынца Пуціна». «Гэта дрэнны выбар, (...) ён шкодзіць рэпутацыі ААН», — заявіў кіраўнік міністэрства Андрэй Сыбіга ў запісе, размешчаным на платформе X.

Літоўскія палітыкі таксама не пашкадавалі жорсткай крытыкі супраць Гутэрыша. Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс заявіў, што кіраўнік ААН «павінен прызнаць сваю памылку і ўзяць на сябе адказнасць, як тады, калі ён вырашыў не ехаць на мірны саміт (...) у Швейцарыю, так і цяпер, калі ён паехаў да ваеннага злачынца Пуціна, які знаходзіцца ў вышуку, і прыніжаўся як перад ім, так і перад ягоным саўдзельнікам (самаабвешчаным кіраўніком Беларусі Аляксандрам) Лукашэнкам», — сказаў Ландсбергіс, якога цытуе грамадская тэлекампанія LRT. «Гутэрыш больш не ўспрымаецца як сумленны пасярэднік, і калі ён вырашыць сысці ў адстаўку, мы, вядома, не будзем яго адгаворваць», — дадаў ён.

PAP/вх