У чацвер, на другі дзень канклава, запланаваныя чатыры галасаванні для абрання новага Папы Рымскага — два раніцай і два ў другой палове дня. Аднак, калі выбар будзе зроблены падчас першага ранішняга галасавання, каля 10:30 з коміна на даху Сікстынскай капэлы можна чакаць белага дыму.
У канклаве па абранні пераемніка Папы Францішка ўдзельнічае найбольшая колькасць кардыналаў-выбаршчыкаў у гісторыі — 133. Для яго абрання неабходна дзве траціны галасоў, або 89.
Першае галасаванне ў сераду скончылася безвынікова. Увечары, пакуль дзясяткі тысяч людзей чакалі вынікаў на плошчы Святога Пятра, з коміна падняўся густы чорны дым, які азначаў, што Папа не быў абраны.
Раніцай а 8-й гадзіне выбаршчыкі збяруцца на імшу ў Паўлінскай капліцы Апостальскага палаца. Затым, пасля 9-й раніцы, яны накіруюцца ў Сікстынскую капэлу, дзе пачнуць другое галасаванне. Калі дзве ранішнія спробы скончацца безвынікова, каля 12.30 з'явіцца чорны дым.
А 16:30, пасля перапынку на абед у Доме Святой Марты, кардыналы вернуцца ў капліцу з фрэскамі Мікеланджэла, каб прагаласаваць яшчэ два разы. Калі першыя галасаванні ў другой палове дня завершацца абраннем Папы, то каля 17:30 можна чакаць белага дыму. Пасля другога галасавання каля 19:30 з'явіцца чорны або белы дым, калі не будзе затрымак, як у сераду.
РАР/юл